Умераў абмеркаваў з Келагам абаронныя патрэбы Украіны і супольную вытворчасць зброі
1- 14.07.2025, 20:00
- 1,678
14 ліпеня генерал Келаг прыбыў у Кіеў з афіцыйным візітам.
Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў сустрэўся ў Кіеве са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны, генералам Кітам Келагам.
Пра гэта Умераў паведаміў у панядзелак, 14 ліпеня, у Facebook.
«Прадметная і адкрытая размова была прысвечаная нашай агульнай мэце – дасягненню ўстойлівага і справядлівага міру. Падзякаваў ЗША за падтрымку Украіны. Гэтая дапамога ратуе жыцці і набліжае канец вайны», – адзначыў міністр.
Першы намеснік міністра абароны Сяргей Боеў падкрэсліў, што Украіна адкрытая да доўгага спынення агню, але бяспека магчымая толькі пры ўмове наяўнасці баяздольнага войска і магутнага абаронна-прамысловага комплексу. Менавіта таму прыярытэтам застаецца развіццё ўласнага вайсковага патэнцыялу.
Асаблівую ўвагу ў час перамоваў аддалі супольным праектам у лакалізацыі вытворчасці ўзбраенняў ва Украіне і Еўропе – сярод іншага сістэмаў СПА і іншых крытычна важных кірункаў. Частка праектаў ужо рэалізуецца, іншыя – на падрыхтоўчай стадыі. Як адзначылі ў Мінабароны, гэтыя ініцыятывы ўзмацняюць не толькі Украіну, але і партнёраў NATO. Украінскі бок таксама гатовы дзяліцца ўнікальным баявым досведам, сярод іншага ў сферы БПЛА.
У міністэрстве таксама адзначылі, што маштабныя праекты можна рэалізоўваць з удзелам еўрапейскіх партнёраў ці за кошт замарожаных расейскіх актываў.
Асобна бакі абмеркавалі пытанне санкцый. Адзначалася, што энэргетычны сектар Расеі застаецца галоўнай крыніцай фінансавання яе вайны супраць Украіны.
У рамках візіту амерыканскі бок таксама атрымаў брыфінг ад галоўнага камандзіра УСУ генерала Аляксандра Сырскага, кіраўніка Генштаба генерал-маёра Андрэя Гнатава, кіраўніка ГУВ генерала-лейтэнанта Кірыла Буданава і прадстаўнікоў выведкі.
Паводле словаў Умерава, украінскі бок праінфармаваў пра актуальную аператыўную сітуацыю, планы ворага і падрыхтоўку Расеі да вайны больш шырокага маштабу – не толькі супраць Украіны, але і супраць NATO. Генерал Сырскі агучыў першачарговыя патрэбы УСУ ва ўзбраенні.
14 ліпеня Кіт Келаг прыбыў у Кіеў з афіцыйным візітам. Мінулы раз ён наведваў Украіну 19 лютага.
У ходзе візіту ён таксама сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Яны абмеркавалі ўзмацненне СПА для Украіны, супольную вытворчасць, закупкі абароннага ўзбраення разам з Еўропай, а таксама санкцыі супраць Расеі і тых, хто ёй дапамагае.
13 ліпеня сенатар Ліндсі Грэм заявіў, што ў найбліжэйшыя дні пачнецца «рэкордная плынь зброі» ва Украіну, каб яна магла абараніць сябе. Таксама ён анансаваў увядзенне дадатковых санкцый супраць РФ і краінаў, якія набываюць расейскую нафту.