«Я магу зрабіць балюча Пуціну»
4- 13.07.2025, 14:06
- 6,854
ФОТА: ГЛАВРЕД
Экс-кіраўнік МЗС – пра змену палітыкі Трампа датычна Украіны.
Нягледзячы на змену рыторыкі Белага дому ў дачыненні да Украіны ў апошні час, наўрад ці варта чакаць, што з гэтага часу ЗША зоймуць праўкраінскую пазіцыю. Пра гэта заявіў былы міністр замежных справаў Украіны Уладзімір Агрызка ў эфіры Radio NV.
«Гэта можа быць пэўным добрым сігналам, але не думаю, што трэба адкаркоўваць шампанскае і піць яго ўсюды і кожны дзень. Заўтра Трамп, як мы чакаем, пра нешта заявіць. На маю думку, ён проста прадэманструе, што захоча крыху ўзмацніць падтрымку, сказаць, што я буду дапамагаць Украіне, адбіваць расейскія атакі. Магчыма, знойдзе нейкія пару-тройку мільярдаў, якія яшчэ засталіся ад адміністрацыі Байдэна, якія ён можа выкарыстоўваць без згоды Кангрэса і гэтак далей. І скажа, што калі Украіне так патрэбная зброя, я гатовы прадаваць не Украіне, а еўрапейцам, а еўрапейцы няхай робяць з ёй што захочуць», – патлумачыў ён.
Але, на думку Агрызкі, наўрад ці гэта будзе азначаць пачатак кардынальных зменаў у дачыненні да Украіны.
«Надта ўжо шмат Трамп уклаў у тое, каб пасябраваць з Расеяй. Мне здаецца, што гэта будзе больш падобна на тактычную гульню, дэманстрацыя, што я такі Пуціну магу зрабіць дрэнна, магу зрабіць балюча», – сказаў ён.
У той самы час Агрызка адзначыў, што міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў перадаў Трампу ад Пуціна праз дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа прапанову, якая кажа, што расейскі дыктатар гатовы саступіць Іран, але ў сваю чаргу патрабуе, каб Амерыка саступіла Украіну.
«Такі сабе, ведаеце, абмен і размен. Што з гэтага атрымаецца, мы не ведаем. Але, думаю, дачакаемся заўтрашняга дня, даведаемся, што ж усё ж такі хоча зрабіць Трамп і наколькі сур'ёзнымі будуць гэтыя крокі супраць Расеі», – дадаў эксперт.