Украіна пачала выкарыстоўваць новую зброю супраць «Шахедаў»
2- 13.07.2025, 12:59
- 8,352
Яна даказала сваю эфектыўнасць.
Украіна эфектыўна ўжывае дроны-перахопнікі для збівання расейскіх ударных БПЛА. За апошні тыдзень ужо вядома пра сотні збіццяў «Шахедаў» з ужываннем гэтага віду зброі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.
Паводле словаў Зяленскага, цягам апошніх сямі дзён Расея ажыццявіла маштабныя атакі па Украіне, выкарыстаўшы больш за 1800 дронаў, больш за 1200 кіраваных авіябомбаў і 83 ракеты. Такім чынам акупанты спрабуюць узмацніць ціск і тэрор супраць украінскіх гарадоў і супольнасцяў.
У той самы час сілы СПА дэманструюць эфектыўнасць – асабліва дзейсна дзейнічаюць дроны-перахопнікі, якія толькі за тыдзень збілі сотні «Шахедаў». Тэма пашырэння гэтага кірунку стала ключавой у час сустрэчаў з міжнароднымі партнёрамі.
Зяленскі таксама падзякаваў усім, хто падтрымлівае ўзмацненне абароны і ўкраінскіх абаронцаў, якія штодня абараняюць неба.
«"Шахеды" – адзін з расейскіх спосабаў задоўжваць вайну. Павінны нейтралізаваць гэтую пагрозу, каб хутчэй запрацавала дыпламатыя. Спадзяемся на выкананне ўсіх дамоўленасцяў, якія ўзмоцняць нашу абарону. Спадзяемся на моцныя пастановы ЗША, Еўропы, "сямёркі" і ўсіх партнёраў», – рэзюмаваў Зяленскі.
