«Увесь Ельск за цябе»
5- 5.06.2025, 10:28
- 9,354

Бацька памерлай у лякарні школьніцы падаў заяву ў міліцыю.
Следчы камітэт і Міністэрства аховы здароўя працягваюць праводзіць праверкі і экспэртызы аб факце смерці 14-гадовай школьніцы ў раённай лякарні Ельска. Пра гэта распавёў у сацсетках бацька памерлай дзяўчынкі, піша «Флагшток».
Непаўнагадовая памерла 17 траўня. Як патлумачыў яе бацька ў каментарах, яму сказалі, што праверка будзе праводзіцца цягам двух месяцаў. Таксама ён паведаміў у каментарах, што днямі падаў у міліцыю заяву, у якой апісаў сітуацыю, — гэтая заява павінна быць перададзеная ў СК.
Таксама мужчына пракаментаваў спробы прызнаць яго шматдзетную сям'ю як сацыяльна небяспечную (СНС): «Ніколі не лічыў сваю сям'ю сацыяльна небяспечнай. Мы не алкаголікі, усе дзеці здаровыя, накормленыя, адзетыя».
Бацька памерлага дзіцяці падзякаваў усім за падтрымку і сказаў, што будзе чакаць афіцыйных вынікаў праверак і «дамагацца, каб стала вядомая праўда».
У каментарах яму зноў выказалі падтрымку. Адзін з карыстальнікаў напісаў: «Увесь Ельск за цябе!»
Іншыя адзначылі, што дзеянні мужчыны, накіраваныя на тое, каб справядлівасць перамагла, вельмі важныя не толькі дзеля памяці памерлай дзяўчынкі, але і для прадухілення падобных трагедый.
Нагадаем, 17 траўня ў рэанімацыі ельскай раённай лякарні памерла 14-гадовая дзяўчынка. Следчы камітэт пачаў праверку, каб ацаніць у тым ліку дзеянні медыкаў. Ведамства таксама «звяртае ўвагу на недапушчальнасць распаўсюджвання здагадак і не праверанай кампетэнтнымі асобамі інфармацыі» і палохае крымінальнай справай за паклёп.
Паводле інфармацыі з сацсетак, дзяўчынку з кашлем і хрыпамі ў лякарню прывёз бацька. Неўзабаве яе стан рэзка пагоршыўся - яна ўпала ў кому і была пераведзеная ў рэанімацыю.
Бацькі чакалі некалькі гадзін прыезду рэанімацыйнай брыгады з Мазыра. Медыкі прыехалі, але адмовіліся везці дзяўчынку - стан быў занадта цяжкім. Толькі да паўночы прыехала другая брыгада з Гомеля, але было ўжо позна — неўзабаве дзяўчынка памерла.