«Лукашэнка ў цяжкім становішчы»
11- 30.06.2025, 9:56
- 20,644

Займацца эквілібрыстыкай стала практычна немагчыма.
Прафесар Універсітэцкага каледжа Лондана Уладзімір Пастухоў на канале Хадаркоўскі Live аналізуе апошнія падзеі ў Беларусі:
- Лукашэнка ў цяжкім становішчы. І гэтае становішча не палепшыцца да яго смерці. Таму што, з аднаго боку, Лукашэнка выжывае толькі, калі ў яго добрыя стасункі з Пуціным, і з другога боку, ён выжывае толькі ў той ступені, у якой не дае Пуціну сябе з'есці цалкам. Вось як толькі ён дае Пуціну сябе з'есці, яго жыццё заканчваецца. Аднак, як мяркуе палітолаг, займацца эквілібрыстыкай пасля 2020 года беларускаму дыктатару практычна немагчыма.
- Вось сапраўды ўсё трэба рабіць своечасова, - адзначае Уладзімір Пастухоў, маючы на ўвазе своечасовы сыход з пасады. - А былі ж іншыя часы. 20-25 гадоў таму Лукашэнка зусім не быў пасмешышчам. Для вельмі многіх левакоў у Расеі ён нават выглядаў добрай альтэрнатывай Ельцыну.
Так, сёння гэта падаецца смешным. І казаў ён тады інакш, і такіх узроставых адхіленняў не было, якія зараз назіраюцца. Таму проста нельга да гэтага ўзросту даседжваць. У гэтым праблема.
Лукашэнка добра разумее складанасць свайго становішча. Ён увесь час падсвядома імкнецца вярнуцца на пазіцыю, дзе ў яго адны стасункі з Масквой і пры гэтым ёсць свае стасункі з Еўропай.
І ён так усё жыццё і выжываў. Але той спосаб, якім ён утрымаўся ва ўладзе - вось гэта неабходнасць абаперціся на расейскі штык, - закрыла такую магчымасць.
Лукашэнка з дапамогай расейскага штыка здушыў рэвалюцыю вельмі жорстка, фактычна выйшаў за ўсе мажлівыя рамкі. Гэта пазбавіла яго здольнасці манеўраваць, і ён увесь час спрабуе яе аднавіць.
На думку палітолага Лукашэнка, як і Пуцін, ухапіўся за Трампа як за нейкі шанец на альтэрнатыўнае жыццё.
- Лукашэнка таксама імкнецца скарыстацца гэтай сітуацыяй. Яму прынцыпова важная была гэтая сустрэча з Келагам. Ён аб нечым там з Келагам пагаварыў, што, упэўнены, потым яшчэ прадаваў Пуціну, калі той прыехаў. Лукашэнку трэба было паказаць, што з ім нехта размаўляе.
А амерыканцы не дурні, яны ставілі пэўныя ўмовы, і ў Лукашэнкі быў выбар: а што для яго больш важнае? Лукашэнка ўзважыў і падумаў, што Келаг таго варты. Ведаеце, як «Парыж варты імшы», Келаг варты Ціханоўскага.
Тут зразумела, што Лукашэнку да зарэзу трэба аднавіць хоць неяк сувязі з Захадам. Не таму, што ён так любіць Захад, а таму, што яму трэба ўраўнаважваць Пуціна, - рэзюмуе Уладзімір Пастухоў.