Сэнатар Грэм абмеркаваў санкцыі супраць РФ з кіраўніцай Еўракамісіі
1- 3.06.2025, 10:25
- 1,838

Фота Reuters
Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што Крэмль разумее толькі мову сілы.
Амерыканскі сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, адзін з суаўтараў законапраекта аб узмацненні жорсткасці санкцый супраць Расеі, у панядзелак сустрэўся ў Бэрліне з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Як паведаміла прэс-служба Еўракамісіі, абмяркоўвалася каардынацыя санкцыйнай палітыкі паміж ЗША і ЕЗ.
Фон дэр Ляен падкрэсліла, што Крэмль разумее толькі мову сілы, таму на Расею неабходна ўзмацняць ціск, каб яна пагадзілася на замірэнне і пасля на спыненне вайны супраць Украіны. ЕЗ, як гаворыцца ў паведамленні, цяпер рыхтуе 18-ы пакет санкцый у дачыненні да Расеі, накіраваны на расейскія даходы ад продажу энэрганосьбітаў, інфраструктуру «Паўночнага струменю», а таксама расейскі банкаўскі сэктар. Як гаворыцца ў паведамленні, кіраўніца Еўракамісіі абмеркавала з Грэмам таксама пытанне аб вывезеных у Расею ўкраінскіх дзецях.
Good discussion with @LindseyGrahamSC
— Ursula von der Leyen (@vonderleyen) June 2, 2025
The EU is preparing its 18th package of hard-biting sanctions, including lowering the crude oil price cap.
These steps, taken together with US measures, would sharply increase the joint impact of our sanctions.
Read-out ↓
Напярэдадні, у нядзелю, Грэм разам з сэнатарам-дэмакратам Рычардам Блюменталем - суаўтарам законапраекта аб узмацненні жорсткасці санкцый - сустрэўся ў Парыжы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Раней абодва сэнатары сустрэліся таксама з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Абодва сэнатары апісваюць падрыхтаваны імі законапраект як «зруйнавальны» і які змяшчае найбольш жорсткія санкцыйныя меры ў параўнанні з іншымі падобнымі дакументамі. Ён прадугледжвае ўвядзенне 500% мыты у дачыненні да краін, якія купляюць расейскія нафту, газ і ўран. Сярод гэтых дзяржаў Кітай і Індыя.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пакуль не выказаў сваёй падтрымкі законапраекту, на карысць якога папярэдне выказаліся ўжо больш за 80 сэнатараў ад абедзвюх партый. Трамп патлумачыў, што хоча пачакаць з узмацненнем жорсткасці санкцый супраць Расеі, бо ўсё ж спадзяецца на тое, што Масква пагодзіцца на мір. Са слоў Трампа, праз два тыдні сапраўдныя намеры расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна стануць больш зразумелыя. Сэнатары, аднак, мяркуюць, што Пуцін імкнецца падмануць Трампа, каб здабыць час для новых наступальных аперацый і захопу новых тэрыторый ва Украіне.
Абмеркаванне законапраекта можа пачацца ў Сэнаце ўжо на гэтым тыдні. Пакуль незразумела, ці падтрымае яго кантраляваная рэспубліканцамі Палата прадстаўнікоў.