Фермерка патлумачыла беларусам, чаму «клубніц па 3 рублі» чакаць не варта
5- 3.06.2025, 9:46
- 5,768

Жанчына паказала ўраджай на відэа.
Майскія замаразкі і дажджы, якія прыйшлі ім на змену, разбурылі надзеі клубнічных фермераў на добры ўраджай. Пра гэта расказала ў сябе ў TikTok кіраўніца гаспадаркі, якая спецыялізуецца на вырошчванні ягады, піша «Зеркало».
Жанчына паказала ў відэа процьму сапсаванай трускалкі на сваім пляцы, пракаментаваўшы кадры:
«Вось відэа для тых, хто чакае клубніцы па 3 рублі: усё, што не вымерзла, то замачылі дажджы, на жаль».
Мяркуючы з іншых відэа, частку ўраджаю блогерка давезла да рынку ў Баранавічах. Цану, якой жанчына прадавала ягаду, яна ў відэа не назвала, але патлумачыла, што кошт, «як і ў іншых вытворцаў, змяняецца з кожным прывозам».
У каментарах пад відэа адзін з карыстальнікаў задаўся пытаннем, а калі беларускія клубніцы прадавалі па 3 рублі за кілаграм. На гэта яму адказалі: «гадоў пяць таму». Іншыя карыстальнікі і зусім панаракалі, што сёлета «нічога не будзе па 3 рублі», акрамя хіба што кабачкоў.
Іншыя падпісчыкі абвінавацілі аўтара ў «ныцці» і «накручванні кошту».
«У вас замачыла, у іх — не. Гэта рызыкі. Знаёмы ўлічвае гэтыя рызыкі і высаджвае ягады высока»
Частка карыстальнікаў заявіла, што аддае перавагу іншым прадуктам. Напрыклад, абрыкосы па 10 рублёў за кг, бананы па 6 рублёў «або мяса» па 20 рублёў за кг.
Нагадаем, 1 чэрвеня на галоўным аптовым клубнічным рынку краіны ў аграгарадку Дварэц кошт за кілаграм адборнай ягады вагаўся ад 7 да 10 рублёў.
Для параўнання: на Менскім «Камароўскім» рынку 31 траўня грэцкія клубніцы прадавалі ад 10,9 рубля за кілаграм. Беларускія каштавалі на 3-4 рублі даражэй.
Цікава, што год таму ягада ў Дварцы каштавала значна танней. Так, 25 траўня 2024 года за кілаграм прасілі 4,5 рубля.