Еўропу ахапіла экстрэмальная спякота
13- 29.06.2025, 11:33
- 8,940

У шэрагу краін тэмпература перавышае 40°С.
Спякота прывяла да таго, што тэмпература ў некаторых краінах перавысіла 40°C. Улады заклікаюць да асцярожнасці, бо засушлівыя варункі, моцныя вятры і спякота - найлепшыя ўмовы для ўзнікнення лясных пажараў, паведамляе Euronews.
У той час як летнія тэмпературы працягваюць паднімацца па ўсёй Еўропе, розныя рэгіёны кантынента сутыкнуліся са шматлікімі ляснымі пажарамі і экстрэмальнымі цеплавымі хвалямі.
У Турцыі тэмпература перавысіла +40°С. Лясныя пажары ўспыхнулі ў Ізміры, Бурсе, Тэкірдазе, Сакар'е і Адане, выклікаўшы надзвычайныя сітуацыі.
На барацьбу з агнём былі кінутыя наземныя і паветраныя пажарныя каманды. У Адане гэта прывяло да трагедыі - пажарны самалёт разбіўся пры спробе зачарпнуць ваду з найбліжэйшай плаціны. Цяпер вядуцца пошукава-выратавальныя работы.
У Грэцыі многія жыхары накіраваліся на пляжы, бо на краіну абрынулася першая сёлета моцная спякота.
Спякота будзе ўзмацняцца да пятніцы 4 ліпеня і дасягне максімуму 40-41 градус па Цэльсіі ў глыбіні краіны і прадоўжыцца да канца выхадных.
Турысты і мясцовыя жыхары ў Гішпаніі і Партугаліі таксама рыхтуюцца да спякоты ў гэтыя выходныя, бо тэмпература там таксама будзе імкліва расці. У Партугаліі магчымыя экстрэмальныя тэмпературы да +44°С.

Партугальская метэаралагічная служба выпусціла папярэджанне аб спякотным надвор'і для ўсёй кантынентальнай часткі Партугаліі. Для большай часткі краіны абвешчанае жоўтае папярэджанне, а для некаторых унутраных рэгіёнаў, схільных да асаблівай рызыкі высокіх тэмператур, - аранжавае.
Улады заклікалі насельніцтва захоўваць пільнасць і пазбягаць дзеянняў, якія могуць справакаваць дадатковыя пажары, папярэдзіўшы, што сухія ўмовы і моцныя вятры могуць працягваць распальваць полымя.

Аналагічная сітуацыя складваецца і ў Італіі. Так, чырвоны ўзровень трывогі абвясцілі для многіх гарадоў у Італіі праз экстрэмальную спякоту, якая чакаецца ў краіне ў выхадныя дні.
У міністэрстве падкрэслілі, што ў зонах з «чырвоным» узроўнем небяспекі спякота можа ўяўляць сур'ёзную рызыку не толькі для паджылых людзей, дзяцей і асоб з хранічнымі захворваннямі, але таксама для здаровых і фізічна актыўных людзей.