25 лiпеня 2025, Пятніца, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прывід дэвальвацыі?

2
Прывід дэвальвацыі?

Дэфіцыт замежнага гандлю Беларусі наблізіўся да $1 мільярда.

За 4 месяцы Беларусь зноў нагандлявала з замежным светам у мінус, але дэфіцыт расце, ён ужо перавысіў $850 млн. Эканамістка Анастасія Лузгіна патлумачыла «Белсату», чаму краіна праядае валюту і чым гэта пагражае.

 

Нацыянальны банк падлічыў, што ў студзені-красавіку экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 0,3% год да года, а імпарт вырас на 4,7%. У выніку краіна страціла на замежным гандлі $856 млн.

 

Псуюць карціну тавары. Іх пастаўкі за мяжу скараціліся год да года на 3,7%, а вось імпартных завезлі на 3,5% больш. Адмоўнае сальда гандлю таварамі ледзь не дасягнула $2 млрд.

 

Часткова гэтыя страты кампенсавалі паслугі. Раней яны ратавалі замежны гандаль, зараз жа толькі дапамагаюць змяншаць дэфіцыт.

 

Экспарт паслуг вырас год да года нават на 14,7%, імпарт - на 13,2%. Дадатнае сальда ў гэтай частцы замежнага гандлю перавысіла $1,1 млрд.

 

Замежны гандаль – надзвычай важная для Беларусі крыніца валюты і адна з нямногіх ва ўмовах санкцый і адпаведнай рэпутацыі дзяржавы, якая прадаўжае рэпрэсіі, не мае незалежнай судовай сістэмы і дапамагае Расеі ў вайне. Ужо які месяц гэты ручай цячэ не ў той бок: замежныя грошы вымываюцца з Беларусі.

 

У звычайнай сітуацыі праблемы ў замежным гандлі рэгулююцца інвестыцыямі ці крэдытамі. Некалі МВФ з «варожага» Захаду пазычаў Беларусі пад нядрэнны адсотак і толькі за эканамічныя рэформы, зараз жа застаецца, мабыць, толькі Расея, якая не грэбуе палітычнымі патрабаваннямі.

 

Эканамістка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна, каментуючы «Белсату» вынікі замежнага гандлю ў студзені - красавіку, звярнула ўвагу, што сітуацыя пагаршаецца праз рост імпарту спажывецкіх тавараў - тых, што беларусы бачаць на паліцах у крамах:

 

«Калі за першы квартал прырост у імпарце спажывецкіх тавараў склаў 8% год да года, то ў студзені-красавіку ўжо плюс 14,5%. Імпарт інвестыцыйных тавараў - гэта, напрыклад, аўтамабілі, абсталяванне - таксама расце, аднак рост захоўваецца прыкладна на адным узроўні: 11-11,5%, гэта значыць, істотных змен не адбываецца».

 

Змяненні ў гандлі паслугамі каментаваць цяжка, прызнала экспертка, бо ўлады старанна хаваюць статыстыку. Лузгіна выказала меркаванне, што паказчыкі растуць дзякуючы транспартным паслугам і IT-галіне:

 

«Гэта могуць быць транспартныя паслугі, будаўнічыя - як з боку экспарту, так і з боку імпарту. IT-паслугі - у нас жа была нізкая база мінулага года, за кошт гэтага прырост экспарту цалкам можа быць, бо IT-сектар паказвае прырост. Традыцыйна экспартаарыентаваныя галіны ў нас - транспарт і IT».

 

Якраз росквіт імпарту спажывецкіх тавараў згадаў Нацбанк у паведамленні аб росце стаўкі рэфінансавання. Рэгулятар канстатаваў, што беларусы, якія пакуль багацеюць, скупляюць усё, што бачаць навокал, хапаюць крэдыты, і гэта стварае «рызыку падвышэння ціску на сальда існага рахунку аплатнага балансу». Прасцей кажучы, такімі тэмпамі ўсю валюту на імпарце і спалім.

 

Цяпер Нацбанк імкнецца гэта выправіць. Крэдыты, здаецца, крыху падаражэюць, і чакаецца, што беларусы патроху знімуць шалёны попыт, а грошы панясуць у банкі, пагатоў стаўкі дэпазітаў таксама павінны падрасці.

 

Суразмоўніца «Белсата» адзначае, што сітуацыя з дэфіцытам замежнага гандлю і валютай яшчэ не катастрафічная, аднак з часам, калі нічога не зменіцца, рубель чакае аслабленне:

 

«Цяпер ужо не ёсць добра, аднак былі часы, калі ў Беларусі фармавалася адмоўнае сальда і некалькі мільярдаў даляраў. Калі будзе мінус $2-3 млрд цягам года ці двух, гэта, безумоўна, націсне на валютны рынак у бок зніжэння курса рубля».

 

Залежнасць тут простая: курс у Беларусі вызначаецца рынкам, і калі валюты будзе няшмат, яна падаражэе. Менавіта дэфіцыт замежнага гандлю можа прывесці да таго, што валюты на рынку стане менш.

 

Праўда, зараз, наадварот, прапанова перавышае попыт, і фактычна самі беларусы існы дэфіцыт і кампенсуюць.

 

«Людзі здаюць валюты больш, чым набываюць, кампаніі-нерэзідэнты таксама прадаюць, нават Нацбанк змог набываць валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў. Таму дэфіцыту валюты мы не назіраем, гэта бачна і з курсаў, і з росту золатавалютных рэзерваў. Наадварот, можна сказаць, што маем падвышаную прапанову», – падсумавала Анастасія Лузгіна.

 

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках