Навукоўцы: Кава - ключ да маладосці?
7- 27.06.2025, 12:38
- 3,824

Кафеін актывуе механізм, які запавольвае старэнне ў клетках.
Даследнікі з Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі апісалі механізм антыўзроставага дзеяння кафеіну. Эксперыменты на дражджах паказалі, што ключавы кампанент кавы дзейнічае як клеткавы «паліўны датчык», дапамагаючы клеткам спраўляцца са стрэсам і аднаўляць ДНК, піша «Хайтек».
Кафеін даўно звязваюць са зніжэннем рызыкі ўзроставых захворванняў, але механізм яго дзеяння ўнутры клетак заставаўся незразумелым. Некалькі гадоў таму навукоўцы ўжо выявілі, што кафеін падаўжае жыццё клетак, уздзейнічаючы на рэгулятар росту TOR – біялагічны перамыкач, які існуе больш за 500 млн гадоў і кантралюе рэакцыі ўсіх жывых арганізмаў.
Новае даследаванне паказала, што кафеін не дзейнічае на гэты перамыкач росту наўпрост: ён актывуе іншую важную сістэму АМФК. Яна функцыянуе як клеткавы паліўны датчык, які эвалюцыйна захаваўся ў дрожджаў і людзей. Калі клеткам не стае энэргіі, AMФK уключаецца, дапамагаючы справіцца з дэфіцытам рэсурсаў.
Цікава, што AMФK з'яўляецца таксама мішэнню метфарміну - шырока выкарыстоўванага прэпарата для лячэння дыябету. Эксперыменты на дражджавой мадэлі паказалі, што ўздзеянне кафеіну на AMФK уплывае на ключавыя працэсы, звязаныя са старэннем і хваробамі - рост клетак, аднаўленне ДНК і рэакцыю на стрэс.
Даследчыкі адзначаюць, што вынікі працы дапамагаюць растлумачыць, чаму кафеін можа быць карысным для здароўя і даўгалецця. «Яны адкрываюць захапляльныя магчымасці для будучых даследаванняў таго, як мы можам выклікаць гэтыя эфекты больш непасрэдна – з дапамогай дыеты, ладу жыцця або новых лекаў», – кажа суаўтар працы Джон-Патрык Алаа.