Навукоўцы высветлілі, чаму каты найчасцей спяць на левым баку
11- 25.06.2025, 18:22
- 4,748

Гэта можа быць «стратэгіяй выжывання».
Міжнародная група навукоўцаў выявіла, што свойскія каты часцей за ўсё спяць на левым баку. Выснова зробленая паводле вынікаў аналізу больш як 400 відэаролікаў на YouTube і апублікаваная ў часопісе Current Biology 23 чэрвеня 2025 года.
Спецыялісты з Універсітэта Бары імя Альда Мора, Рурскага ўніверсітэта ў Бохуме, Медыцынскай школы Гамбурга і шэрагу іншых навуковых установаў хацелі высветліць, ці існуе ў катоў перавага ў позе сну – і калі так, то якую ролю гэта выконвае ў іх паводзінах.
З 408 відэазапісаў, адабраных паводле строгіх крытэрыяў (на іх павінна быць відаць адна заснулая котка цягам не менш як 10 секундаў, без люстранога адлюстравання), блізу 67% дэманстравалі жывёлаў, якія спяць на левым баку.
Гэтая перавага, на меркаванне навукоўцаў, можа быць звязаная з асіметрыяй працы мозгу. Каты, якія спяць на левым баку, пры абуджэнні глядзяць на навакольны свет левым вокам – а значыць, інфармацыя трапляе ў правае паўшар'е мозгу, якое лепш апрацоўвае прасторавыя сігналы, пагрозы і каардынуе такія імклівыя рухі, як уцёкі.
«Сон на левым баку можа быць стратэгіяй выжывання», – адзначаюць даследнікі. Паводле іх словаў, правае паўшар'е спецыялізуецца на ўспрыманні небяспекі і рэагаванні на яе, што асабліва важна для жывёлы, якая ў дзікай прыродзе застаецца ўразлівай падчас сну.