4 лiпеня 2025, Пятніца, 21:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наўроцкі з'яўляецца перакананым прыхільнікам NATO і хаўрусу з ЗША»

2
«Наўроцкі з'яўляецца перакананым прыхільнікам NATO і хаўрусу з ЗША»

Новы прэзідэнт Польшчы будзе займаць цвёрдую пазіцыю датычна імперскіх амбіцый Расеі.

На прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы перамогу атрымаў кандыдат Караль Наўроцкі, які падтрымліваецца апазіцыйнай кансерватыўнай партыяй «Права і справядлівасць». Паводле вынікаў падліку 100% бюлетэняў, пададзеных у другім туры выбараў, які прайшоў у нядзелю, 1 чэрвеня, ён набраў 50,89% галасоў, апярэдзіўшы свайго спаборніка, мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага, амаль на 400 тысячаў галасоў.

Тшаскоўскі ў панядзелак прызнаў паразу і павіншаваў Наўроцкага з перамогай.

PiS, падтрымаўшы Наўроцкага, цяпер можа спадзявацца і на перамогу падчас наступных парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 2027 годзе. Дарэчы, да 2015 года ў шэрагах PiS быў і прэзідэнт Анджэй Дуда (ён быў кіраўніком дзяржавы два тэрміны запар).

Караль Наўроцкі – паводле прафесіі гісторык, які карыстаецца падтрымкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Месяц таму ён нават сустракаўся з ім, хоць зносіны двух палітыкаў былі кароткія.

42-гадовага пераможцу прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы некаторыя называюць еўраскептыкам, аднак ён адрозніваецца ад іншых еўраскептыкаў рэгіёну, такіх як прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца або прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прынамсі тым, што падтрымлівае дапамогу Украіне ў вайне супраць Расеі.

«Наўроцкі будзе займаць цвёрдую пазіцыю датычна імперскіх амбіцый Расеі. Ён з'яўляецца перакананым прыхільнікам NATO і хаўрусу са Злучанымі Штатамі, і прадоўжыць палітыку актыўнай ролі Польшчы ў рэгіёне. Ён таксама падтрымае Украіну ў яе барацьбе з Расеяй», – адзначыў у сацсетцы Х Славамір Дэбскі, запрошаны прафесар у галіне стратэгічных даследаванняў і міжнародных стасункаў у Каледжы Еўропы ў Варшаве.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Наўроцкага падкрэслівалася, што ён атрымаў моцную падтрымку, уключаючы ўхвалу міністаркі ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм, якая правяла паралель паміж Наўроцкім і Трампам на Канферэнцыі кансерватыўна-палітычнага дзеяння (CPAC) у Польшчы. Такога кшталту ўхвала мае значэнне, бо Польшча з'яўляецца праамерыканскай дзяржавай і разглядае Вашынгтон як важнага хаўрусніка, застаючыся таксама базай для больш як 10 тысячаў раскватараваных тут амерыканскіх салдатаў.

Хоць роля прэзідэнта ў Польшчы ў асноўным цырыманіяльная, у яго ёсць адна важная перавага – права накладаць вета на законы, прынятыя парламентам.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках