Вільня – самы багаты і самы буйны горад у краінах Балтыі
21- 2.06.2025, 20:25
- 15,672

Сталіца Літвы перажывае залаты век.
З гэтага часу Вільня можа смела называцца самым вялікім горадам у краінах Балтыі. 2 чэрвеня Латвійская цэнтральная статыстычная ўправа абвясціла, што колькасць жыхароў Рыгі скарацілася да 592000 чалавек. У Вільні налічваецца 607000 жыхароў. Вільня не толькі самы вялікі, але і самы багаты горад у Балтыі – яе ВУП на аднаго жыхара большы за сярэдні паказнік у ЕЗ, піша Delfi.
Паводле словаў мэра сталіцы Валдаса Бенкунскаса, за апошнія 10 гадоў колькасць жыхароў у сталіцы вырасла на 13%. Станоўчыя перамены ў горадзе абумоўленыя ўмацаваннем эканомікі, міжнароднымі інвестыцыямі і паляпшэннем якасці жыцця. Нават падчас пандэміі і на фоне сённяшняй геапалітычнай напругі Вільня захоўвае стабільны тэмп росту.
«Хуткасць, гнуткасць і прагрэсіўнае мысленне дазваляюць нам фармаваць горад будучыні. Вільня – самы багаты і вялікі горад у краінах Балтыі, а статус зялёнай сталіцы Еўропы толькі ўмацоўвае пазіцыю ўстойлівага горада, арыентаванага на высокую якасць жыцця. За апошнія 30 гадоў Вільня вырасла ў сучасны, творчы і натхняльны інавацыйны цэнтр, які паспяхова канкуруе на міжнароднай арэне», – заўважыў мэр.
Той факт, што сталіца Літвы перажывае залаты век, пацвярджае і тое, што ВУП на аднаго чалавека ў Вільні вышэйшы за сярэдні ў ЕЗ. Паводле звестак «Еўрастата» за 2024 г., ВУП Рыгі на аднаго жыхара складае 77% сярэдняга паказніка ў ЕЗ, Таліна – 96%, а Вільні – 105%.
Паводле словаў кіраўніцы агенцтва Go Vilnius Давіле Александравічэне, значным каталізатарам росту Вільні з'яўляецца тэхналагічны сектар – сфера высокіх тэхналогій, фінтэх, медыцыны, абароны і інш.
У Вільні працуюць такія міжнародныя кампаніі, як Moody's, Nasdaq, Thermo Fisher, Vinted і Nord Security. За 10 гадоў у 39 разоў вырасла экасістэма міжнародных стартапаў, за апошнія 5 гадоў 4 з іх сталі аднарогамі.
Да ліку добрых якасцяў Вільні адносіцца высокае месца якасці жыцця, у гэтым рэйтынгу Вільня саступае толькі Стакгольму, Капенгагену, Осла і Люксембургу.