Украіна можа вырабляць да 10 мільёнаў дронаў за год
14- 2.06.2025, 18:47
- 4,190

Кіеў вывеў галіну беспілотнікаў на новы ўзровень.
На сёння ўкраінскі абаронна-прамысловы комплекс здольны вырабляць 10 млн дронаў за год. Пра гэта на форуме пра бяспеку «Дыялог Шангры-Ла» ў Сінгапуры заявіў намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Казенка, інфармуе Мінабароны Украіны.
Сярод іншага, падчас выступу Казенка расказаў удзельнікам форуму пра магчымасці АПК Украіны. Паводле ягоных словаў украінскія дроны значна таннейшыя за аналагі і пратэставаныя ў баі.
«Украіна вывела галіну беспілотнікаў на новы ўзровень і развівае інавацыйныя ідэі як у паветры, так і на зямлі і ў вадзе», – расказаў намеснік міністра абароны.
Аляксандр Казенка таксама адзначыў, што дзякуючы досведу, які набываюць украінскія аператары БПЛА штодзень, Украіна «піша дактрынальныя змяненні выкарыстання гэтых сродкаў паразы». Ён дадаў, што беспілотнікі наносяць 80 адсоткаў ад усіх паразаў на полі бою.
Намеснік міністра заклікаў міжнародныя абаронныя кампаніі да фінансавання вытворчасці, стварэння супольных прадпрыемстваў і абмену досведам.