Генерал Броер: Сувалцкі калідор - гэта адная з самых уразлівых зон альянсу
6- 2.06.2025, 17:07
- 4,738

Расея можа атакаваць NATO да 2029 года.
Начальнік штаба абароны Нямеччыны генерал Карстэн Броер папярэдзіў, што Расея можа пачаць вайсковую атаку на краіны NATO цягам найбліжэйшых чатырох гадоў. У інтэрв'ю BBC ён заявіў, што Масква штогод вырабляе блізу 1500 танкаў і мільёны артылерыйскіх набоеў, частка з якіх назапашваецца, а не адпраўляецца ва Украіну, піша BBC (пераклад - сайт Charter97.org).
З ягоных слоў, Расея стварае новыя вайсковыя структуры, накіраваныя на захад, і «Аналіз паказвае магчымую атаку ў 2029 годзе». Аднак, падкрэсліў генерал, гэта можа здарыцца раней, і «NATO павінна быць гатовае змагацца ўжо сёння».
Броер таксама назваў Сувалцкі калідор (мяжа Літвы, Польшчы, Расеі і Беларусі) адной з самых уразлівых зон альянсу. Ён адзначыў, што краіны Балтыі ўжо адчуваюць непасрэдную пагрозу з боку Расеі.
На ягоную думку, Расея разглядае вайну ва Украіне як частку больш маштабнага канфлікту з NATO. У пацвярджэнне ён падаў выпадкі кібератакі і інцыдэнты з беспілотнікамі побач з еўрапейскай інфраструктурай.
Генерал заклікаў чальцоў альянсу тэрмінова нарошчваць абараназдольнасць. Нягледзячы на розныя пазіцыі некаторых краін, такіх як Вугоршчына і Славакія, ён запэўніў, што NATO захоўвае адзінства. «Я ніколі не бачыў такой згуртаванасці, як цяпер», — заявіў Броер.