«Зняволеныя, якія вярнуліся з вайны, «зладзяць пекла» ў Расеі»
14- 2.06.2025, 15:27
- 13,200

Расейская прапагандыстка заклікала не забіраць зэкаў з украінскага палону.
Асуджаныя, якіх выпусцілі з расейскіх турмаў дзеля ўдзелу ў вайне супраць Украіны, могуць несці сур'ёзную пагрозу для расейскага грамадства, калі вернуцца дадому пасля абмену палоннымі. Пра гэта заявіла прапуцінская каментатарка Надана Фрыдрыхсан, піша Daily Express.
У відэа, апублікаваным у сацсетцы X, яна задала рытарычнае пытанне «Нам, Расеі, ці варта ў рамках абмену забіраць ацалелых зняволеных, якія трапілі ва ўкраінскі палон?»
Паводле ейных слоў, у шэрагу рэгіёнаў ужо назіраюцца выпадкі, калі ўдзельнікі вайны вярнуліся і сталі тэрарызаваць суседзяў і сваякоў.
«Яны кажуць: «Я за вас ваяваў» — і пачынаюць чыніць беззаконне», — адзначыла яна. Фрыдрыхсан дадала: «Калі мы забяром іх з палону, то яны могуць зладзіць пекла ў Расеі».
Былы дарадца МУС Украіны Антон Герашчанка пракаментаваў гэтыя словы, заявіўшы, што «Пуцін не хоча, каб ніводзін з «жаўнераў СВА» вяртаўся дадому».
Асцярогі Фрыдрыхсан пацвярджаюцца шэрагам гучных злачынстваў, учыненых былымі зняволенымі, у тым ліку былымі байцамі ПВК «Вагнер». У Кемераўскай вобласці, напрыклад, асуджаны за падвойнае забойства, які атрымаў памілаванне, зноў быў арыштаваны за падазрэнне ў забойстве жанчыны ўсяго праз некалькі тыдняў пасля вяртання з фронту.
Мясцовыя ўлады ў некаторых рэгіёнах ужо звярнуліся ў Крэмль з просьбай не вяртаць былых байцоў у родныя гарады.