Японскія банкі забароняць захоўваць гатоўку ў сейфах
11- 19.06.2025, 18:27
- 3,430

У апошнія гады ў банках супрацоўнікі ўчынілі крадзяжы на мільёны даляраў з ячэек кліентаў.
Асацыяцыя японскіх банкіраў (JBA) забароніць захоўванне гатоўкі ў сейфавых вочках пасля серыі крадзяжоў, учыненых супрацоўнікамі асобных банкаў. Аб гэтым яна абвясціла 19 чэрвеня.
Асацыяцыя перагледзела ўзор пагаднення, якое выкарыстоўваюць банкі-чальцы як тыпавое пры ўкладанні кантрактаў з кліентамі на паслугу захоўвання сродкаў. Цяпер у дакуменце прапісаная наўпроставая забарона на захоўванне гатоўкі ў сейфавых ячэйках.
Як адзначае Bloomberg, за апошнія некалькі месяцаў работнікі некаторых буйных банкаў, як мяркуецца, кралі каштоўныя рэчы кліентаў, якія тыя захоўвалі ў сейфавых вочках. Гэта заахвоціла рэгулятараў і банкі больш уважліва вывучыць механізм надання паслугі, улічваючы магчымасці для незаконнай дзейнасці.
Старшыня JBA Дзюн'іці Ханзава растлумачыў, што гатоўка, якая захоўваецца такім чынам у банках, мае высокую рызыку быць задзейнічанай у розных схемах для адмывання грошай або выкарыстання ў іншых злачынных мэтах.
Летась найбуйнейшая фінансавая група Японіі – Mitsubishi UFJ Financial Group – звольніла супрацоўніка, якога абвінавацілі ў крадзяжы мільёнаў даляраў з сейфаў дзясяткаў кліентаў. Нягледзячы на тое, што здарылася, банк пастанавіў не адмаўляцца ад паслугі захоўвання гатоўкі ў сейфавых ячэйках.
Аб такім інцыдэнце ў лютым 2025-га паведаміла і іншая холдынгавая кампанія - Mizuho Financial Group, трэцяя па велічыні банкаўская кампанія ў Японіі. Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў 2019 годзе: была скрадзеная маёмасць двух кліентаў коштам дзясяткі мільёнаў ен, якая захоўвалася ў сейфавых ячэйках.