Forbes: У інтэрнэце адбыўся найбуйнейшы выцек пароляў у гісторыі
19- 19.06.2025, 16:38
- 11,930

Як засцерагчы сябе ад ашуканцаў.
Спецыялісты з Cybernews выявілі амаль 30 набораў звестак на 16 млрд унікальных запісаў. У гэтыя наборы ўваходзяць логіны і паролі ад Apple, Google, Telegram, сацсетак Цукерберга і іншых сэрвісаў.
Паводле Forbes, гаворка ідзе пра самы буйны выцек пароляў за ўсю гісторыю.
Пры гэтым там ёсць звесткі для ўваходу не толькі ў папулярныя сэрвісы, але і розныя парталы для распрацоўнікаў, VPN-сэрвісы і нават дзяржаўныя платформы. Эксперты сцвярджаюць, што практычна ўсе выцекі раней не публікаваліся і ўжо выкарыстоўваюцца хакерамі.
«Гэта не проста выцекі - гэта паўнавартасны інструмент для маштабных кібератак. З 16 млрд запісаў у злачынцаў ёсць доступ да персанальных звестак, якія можна выкарыстоўваць для крадзяжу старонак, махлярства і мэтавых фішынгавых нападаў», - гаворыцца ў публікацыі.
Парады агулам тыповыя: выкарыстоўваць унікальныя і надзейныя камбінацыі пароляў, а таксама карыстацца двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй. А яшчэ лепш - перайсці на ключы доступу (passkeys) усюды, дзе гэта магчыма.