The Telegraph: Пуцін цяпер крытычна ўразлівы
- 19.06.2025, 10:48
- 18,806

Крэмль паставілі ў складанае становішча.
Менш чым праз год пасля падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін рызыкуе страціць яшчэ аднаго стратэгічнага хаўрусніка на Блізкім Усходзе - Іран. Магутная атака Ізраіля на іранскую вайсковую інфраструктуру не толькі пахіснула пазіцыі Тэгерана, але і стварыла рэальную пагрозу для вайсковага супрацоўніцтва Масквы і Тэгерана, піша журналіст Кон Кофлін для The Telegraph.
З часу нявыканання першапачатковых планаў так званай "спецаперацыі" ва Украіне, Крэмль актыўна ўмацоўваў сувязі з Іранам. Пасля візіту Пуціна ў Тэгеран у 2022 годзе Расея пачала актыўна атрымліваць іранскія беспілотнікі і ракеты, якія былі выкарыстаныя для нападаў на ўкраінскую інфраструктуру. У студзені 2025 года Масква і Тэгеран падпісалі стратэгічнае пагадненне аб 20-гадовым партнёрстве.
Аднак нядаўні маштабны вайсковы наступ Ізраіля паставіў пад пагрозу здольнасць Ірана падтрымліваць Расею. Войска абароны Ізраіля знішчае вытворчасць і пускавыя ўстаноўкі дронаў і ракет, што ўжо прывяло да значнага зніжэння іранскай агнявой актыўнасці. Калі Іран не зможа забяспечыць нават уласную абарону, ён наўрад ці зможа далей падтрымліваць расейскія войскі.
Акрамя таго, падзеі ў Іране ставяць Пуціна ў складанае становішча перад ягоным даўнім партнёрам, прэм'ерам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху. Крэмль наўрад ці пойдзе на адкрытую канфрантацыю з Ізраілем, нягледзячы на пагадненне з Іранам аб узаемнай дапамозе ў выпадку нападу.
Сітуацыя таксама выклікае насцярожанасць сярод іншых супольнікаў Тэгерана - Паўночнай Карэі і Кітая. Вайсковая кампанія Ізраіля можа паставіць крыж на шматгадовых партнёрстве, асабліва на энэргетычных дамоўленасцях Пекіна з Іранам.