WSJ: Трамп ухваліў план атакі ЗША на Іран
- 19.06.2025, 7:39
- 11,986

Але не аддаў канчатковы загад.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ухваліў план атакі на Іран. Але пакуль што ўстрымліваецца ад яго рэалізацыі.
Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.
Са слоў крыніц, Трамп паведаміў старшым памочнікам у аўторак вечарам, што ўхваляе планы атакі на Іран. Аднак устрымліваецца ад гэтага, каб паглядзець, ці адмовіцца Тэгеран ад сваёй ядзернай праграмы.
Адзначаецца, што добра абаронены іранскі завод для ўзбагачэнні ўрану ў Фардо з'яўляецца магчымай цэллю ЗША.
Аб'ект схаваны пад гарой і, як правіла, вайсковыя экспэрты мяркуюць, што ён знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці ўсіх бомбаў, акрамя самых магутных.
Таксама выданне дадае, што ў апошнія дні амерыканскія вайскоўцы нарошчвалі сілы на Блізкім Усходзе. Трэці эсмінец ВМС ЗША ўвайшоў ва ўсходнюю частку Міжземнага мора, а другая авіяносная ўдарная група ЗША накіроўваецца ў Арабійскае мора.
Хоць Пентагон заявіў, што нарошчванне вайсковай моцы носіць выключна абарончы характар, яно дазваляе лепш пазіцыянаваць ЗША, калі Трамп наважыць далучыцца да ізраільскіх нападаў на Іран.
«Гэта таксама можа быць тактыкай ціску на Іран, каб прымусіць яго капітуляваць або пайсці на саступкі», - мяркуе WSJ.