CNN: ЗША перакідваюць трэці авіяносец бліжэй да Ізраіля
- 18.06.2025, 20:45
- 3,886

Авіяносцы выконваюць ключавую ролю ў дэманстрацыі вайсковай сілы ЗША.
На наступным тыдні авіяносную ўдарную групу на чале з авіяносцам USS Gerald R. Ford ЗША плануюць перамясціць ва ўсходнюю частку Міжземнага мора бліжэй да Ізраіля.
Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на амерыканскага чыноўніка і яшчэ дзвюх інфармаваных асобаў.
Адзначаецца, што разгортванне USS Ford у зоне еўрапейскага камандавання ЗША, запланаванае яшчэ з канца мінулага года, набывае асаблівае значэнне на фоне эскалацыі канфлікту паміж Ізраілем і Іранам.
Як паведамляе CNN, паралельна яшчэ адзін амерыканскі авіяносец накіроўваецца на Блізкі Усход. Ён альбо далучыцца да USS Carl Vinson, альбо заменіць яго.
Авіяносцы выконваюць ключавую ролю ў дэманстрацыі вайсковай сілы ЗША. Яны могуць аператыўна рэагаваць на крызісныя сітуацыі ў любым рэгіёне свету. Авіяносцы нясуць дзясяткі знішчальнікаў для ўдарных аперацый, могуць перахопліваць ракеты і беспілотнікі, а таксама суправаджаюцца баявымі караблямі для абароны ад паветраных, наземных і падводных пагрозаў, сказана ў публікацыі.