22 чэрвеня 2025, Нядзеля, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік TotalEnergies: ЕЗ лёгка заменіць ЗПГ з Расеі

13
Кіраўнік TotalEnergies: ЕЗ лёгка заменіць ЗПГ з Расеі

У свеце ёсць даволі альтэрнатываў.

На сусветным рынку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у найбліжэйшыя гады будзе мноства альтэрнатываў расейскаму газу, таму Еўразвяз не сутыкнецца з праблемамі пры пошуку замены, заявіў генеральны дырэктар французскай энэргетычнай кампаніі TotalEnergies Патрык Пуянэ ў сераду, 18 чэрвеня.

«Добрая навіна заключаецца ў тым, што рынак ЗПГ будзе добра забяспечаны з 2027, 2028 і 2029 гадоў», – сказаў Пуянэ, растлумачыўшы, што праз крызіс 2022 года ў свеце будуецца шмат новых магутнасцяў для ЗПГ, у тым ліку ў ЗША і Катары.

«Мы страцілі давер да Расеі як пастаўшчыка (газу. – Рэд). У энэргетычнай сферы, калі гаворка ідзе пра нацыянальную бяспеку, вельмі важны чыннік – давер паміж пастаўшчыком і пакупніком. А што здарылася ў расейскай вайне – энэргетыка выкарыстоўвалася ў якасці зброі, таму для Еўропы пошук альтэрнатывы – гэта фундаментальная задача», – сказаў Пуянэ.

Напярэдадні Еўрапейская камісія прапанавала план поўнай адмовы ЕЗ ад расейскага газу да 1 студзеня 2028 года. «Гэта – не санкцыі, звязаныя з канфліктам ва Украіне і расейскай агрэсіяй. Гэта забарона, якую мы ўводзім, таму што Расея выкарыстоўвала энэргію як зброю супраць нас і шантажавала краіны-ўдзельніцы ЕЗ. Гэтая забарона застанецца ў сіле», – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Страсбургу еўракамісар энэргетыкі Дан Ёргенсэн.

Імпарт расейскага газу забараняецца з 1 студзеня 2026 года паводле новых кантрактаў (заключаных пасля 17 чэрвеня 2025 года), з 17 чэрвеня 2026 года – паводле кароткатэрміновых кантрактаў, і з 1 студзеня 2028 года – паводле доўгатэрміновых кантрактаў.

Еўрапейская камісія таксама мае намер забараніць еўрапейскім тэрміналам у прыёме ЗПГ абслугоўваць кліентаў з Расеі. Абмежаванне можа пачаць дзеянне з 1 студзеня 2026 года.

Супраць ЗПГ з Расеі Еўразвяз да гэтага часу не ўводзіў ніякіх абмежавальных захадаў. Яго ўсё яшчэ актыўна набываюць, напрыклад, Гішпанія, Францыя, Нідэрланды і Бельгія. У 2021 годзе краіны ЕЗ у сярэднім набывалі амаль палову (45 адсоткаў) свайго газу ў Расеі, да канца 2024 года гэты паказнік знізіўся да 19 адсоткаў, а ў 2025 годзе ён павінен скласці 13 адсоткаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках