ABC News: Трамп мае 1-2 дні, каб вызначыць лёс Ірана
- 18.06.2025, 15:14
- 3,106

ЗША прымуць пастанову пра дыпламатычнае развязанне канфлікту або аб магчымасці вайсковых дзеянняў.
Наступныя 24-48 гадзін могуць стаць вызначальнымі для ЗША ў абранні далейшых дзеянняў у дачыненні да Ірана - гаворка ідзе альбо аб дыпламатычным развязанні канфлікту, альбо аб магчымасці вайсковых дзеянняў. Пра гэта паведамляе ABC News са спасылкай на афіцыйных асоб ЗША.
Адзначаецца, што прэзідэнт Дональд Трамп напярэдадні ўзмацніў рыторыку супраць іранскага рэжыму, заявіўшы, што ЗША дакладна ведаюць месца знаходжання аяталы Алі Хаменеі. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што Злучаныя Штаты маюць "поўны і абсалютны кантроль над небам Ірана".
Са слоў некалькіх чыноўнікаў, у аўторак амерыканскія перамоўнікі ацэньвалі пазіцыі Ірана як слабыя. Яны думаюць, што Тэгеран будзе вымушаны вярнуцца за стол перамоў і ўрэшце пагадзіцца на пагадненне аб адмове ад узбагачэння ўрану.
"Калі Іран пагодзіцца вярнуцца да перамоў і адмовіцца ад узбагачэння ўрану, то, са слоў афіцыйных асоб ЗША, ужо на гэтым тыдні можа адбыцца сустрэча на высокім узроўні з удзелам спецыяльнага прадстаўніка Стыва Уіткафа і, магчыма, віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса», - гаворыцца ў матэрыяле.
Таксама крыніцы паведамілі, што Трамп расчараваны тым, што дэстабілізаваны Іран не даў адміністрацыі неадкладнага адказу, і ў той жа час вельмі не жадае дапусціць развіцця сцэнару, пры якім Тэгерану ўдасца паспяхова рэалізаваць вайсковы блеф.