Расеі пагражае новы застой
7- 17.06.2025, 21:49
- 6,142

Сфармавалася эканоміка стагнацыі.
Уражлівыя лічбы эканамічнага росту 2023–2024 гг. застаюцца ў мінулым. Эканоміка не толькі моцна замарудзілася, але і не відаць, што можа яе зноў разагнаць. «Адсутнічаюць хоць колькі выяўленыя "драйверы росту": мадэль, заснаваная на спалучэнні росту заробку, прыбыткаў і спажывання насельніцтва, жыллёвага будаўніцтва і імпартазамяшчэння, больш не працуе», – пішуць у аглядзе макраэканамічных тэндэнцый эксперты блізкага да ўладаў аналітычнага цэнтра ЦМАКП і робяць выснову: «Падобна, сфармавалася "эканоміка стагнацыі"».
Падобнае ўжо было. Пасля анэксіі Крыма і першых санкцый расейская эканоміка цягам 10 гадоў расла ў сярэднім на 1,1% у год, а да пандэміі за шэсць гадоў (2014–2019 гг.) дадала менш за 6%, паведамляе The Moscow Times.
Высокачастотныя звесткі пра эканамічную дынаміку паказваюць на, прынамсі, часовыя прыкметы паляпшэння сітуацыі, адзначаюць эксперты ЦМАКП, але тут жа агаворваюцца: «Праўда, гэтае паляпшэнне мае асабліва лакальны характар». Крыху ажывілася «нафтанка», раздробны гандаль, спажывецкая актыўнасць, называюць яны, аднак у цэлым у прамысловасці назіраецца стагнацыя, а ў цывільных неэнэргетычных галінах апрацоўчай прамысловасці выпуск устойліва зніжаецца з пачатку года. Вынікам гэтага стала некаторае скарачэнне загрузкі вытворчых магутнасцяў – і гэта аўтары агляду разглядаюць як добрую навіну: змяншаецца актуальнасць магутнасных абмежаванняў для выпуску.
Экспарт тавараў, калі ўхіліць сезоннасць, паводле ацэнкі ЦМАКП, застаецца на трэндзе паступовага зніжэння. Імпарт дзякуючы ўмацаванню рубля вярнуўся на трэнд павольнага росту, але і ён у другім паўгоддзі як мінімум замарудзіцца праз праблемы са збытам, прадаўжаюць яны.
Хуткі рост інвестыцый у асноўны капітал зманлівы і, хутчэй за ўсё, звязаны з інвестыцыямі ў нематэрыяльныя актывы, мяркуюць аўтары агляду. Галоўны інвестыцыйны рэсурс, прыбыткі кампаній скарачаюцца і ў структуры ВУП у прыбытках пазначылася іх выяўленае выцясненне заробкам.
З прыбыткамі і спажываннем насельніцтва таксама не ўсё гладка. Інфляцыя адчувальна замарудзілася (ЦБ нават знізіў ключавую стаўку ўпершыню за амаль тры гады – і гэта яшчэ адна добрая навіна), але ў кошыку спажывання малазабяспечанага насельніцтва застаецца істотна вышэйшай за агульны ўзровень інфляцыі, піша ЦМАКП: «Адпаведна, індыкатар дабрабыту гэтай групы насельніцтва – ужо амаль год ніжэйшы за ўзровень гадавой даўнасці». З заробкамі ў гэтым годзе праз павышэнне ПДФА вялікая нявызначанасць: кампаніі перанеслі частку выплатаў з першага квартала на снежань. Але эксперты ЦМАКП кажуць пра рызыку нават не стагнацыі, а сціскання рэальных (з папраўкай на інфляцыю) заробкаў.
Больш не вылучаюцца «зоны росту» ў структуры спажывецкіх выдаткаў, а ў шэрагу пазіцый (асабліва, «крэдытныя» тавары доўгага карыстання) назіраецца выражаны спад, гаворыцца ў аглядзе. Тэндэнцыя сціскання спажывання не замацавалася, але цяпер можна гаварыць, хутчэй, пра яго стагнацыю. У спажывецкіх паводзінах эксперты ЦМАКП адзначаюць «даволі моцную прасадку» ва ўсіх асноўных кампанентах выдаткаў – харчовым, нехарчовым таварам і паслугах.
Выбрацца з гэтага стану будзе няпроста. Чыннікі, якія ляжалі ў аснове росту двух апошніх гадоў, – каласальны бюджэтны стымул і выкарыстанне свабодных рэсурсаў ужо не дапамогуць. Беспрацоўе стабілізавалася на гістарычным мінімуме, загрузка магутнасцяў не вельмі далёка адышла ад максімумаў. Бюджэтны імпульс паступова зніжаўся ўжо ў 2024 г., адзначаюць эксперты ЦМАКП. Верагодна, сёлета ён будзе яшчэ слабейшым. «Паступова ўсё больш выразна выяўляецца мэта забеспячэння бюджэтнай устойлівасці», – канстатуе ЦМАКП. Дзяржава ўжо не можа сабе дазволіць нарошчваць выдаткі ранейшымі тэмпамі, мяркуе эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў: краіна зможа цягам доўгага часу дазволіць сабе цяперашнія выдаткі ці крыху вышэйшыя.
«Гэтая мадэль росту сябе вычарпала», – заявіў на днях эканамічны памочнік прэзідэнта Максім Арэшкін, маючы на ўвазе задзейнічанне не задзейнічаных раней рэсурсаў. Ён бачыць выйсце ў тэхналагічным прарыве, але ў цяперашніх расейскіх умовах гэта малаверагодна.
Большасць прагнозаў мяркуюць, што расейская эканоміка замарудзіцца надоўга. На 2025–2027 гг. ЦМАКП прагназуе рост на 1,2–2,3%, Цэнтрабанк – на 0,5–2,5, апытаныя ім аналітыкі – на 1,5–1,9%, МВФ – на 1,5% сёлета і на 0,3-0,9% налета.