Канада абвясціла пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне на $ 1,5 млрд
4- 17.06.2025, 19:20
- 2,562

Таксама Атава паведаміла пра санкцыі супраць РФ.
Канада абвясціла пра вылучэнне Украіне новага пакету вайсковай дапамогі на 2 мільярды канадскіх даляраў (блізу 1,5 млрд дал ЗША).
Пра гэта ў аўторак, 17 чэрвеня, заявіў прэм'ер-міністр Канады Марк Кэрні падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім на саміце G7.
«Мы даем дадатковую вайсковую дапамогу: дроны, гелікаптэры, розныя боепрыпасы. У цэлым гаворка ідзе пра больш як 2 млрд даляраў прамой ваеннай дапамогі Украіне», – сказаў Кэрні.
Акрамя гэтага, Канада абвясціла пра істотнае пашырэнне санкцый супраць Расеі. Як паведаміў прэм'ер-міністр, абмежаванні ўведзеныя датычна шэрагу асобаў і больш як 40 арганізацый у Расеі і за яе межамі, якія маюць дачыненне да схемаў ухілення ад санкцый. Таксама пад абмежаванні патрапілі больш за 200 караблёў так званага «ценевага флоту».
Кэрні анансаваў вылучэнне Украіне 2 млрд дал. пазыкі паводле крэдыту, які будзе пакрывацца адсоткамі з замарожаных расейскіх сродкаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў на саміт G7, які ў 2025 годзе праходзіць у Канадзе ў горадзе Кананаскіс.
Таксама вядома, што кіраўнік украінскай дзяржавы будзе ўдзельнічаць у спецыяльным пасяджэнні лідараў краінаў G7 – A strong and sovereign Ukraine.
Сёлета лідары краінаў G7 – ЗША, Вялікая Брытаніі, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі і Канады – абмяркоўваюць гандаль, штучны інтэлект, энэргетычную бяспеку, лясныя пажары і глабальныя канфлікты, сярод іншага ва Украіне і на Блізкім Усходзе.