У В'етнаме павысяць падатак на алкаголь да 90%
6- 17.06.2025, 18:34
- 2,362

Падвышаць будуць паступова.
Парламент В'етнама ўхваліў паэтапнае павышэнне спецыяльнага падатку на алкагольную прадукцыю з цяперашніх 65 да 90% да 2031 года, піша Reuters. Закон прадугледжвае павелічэнне стаўкі да 70% да 2027 года, а потым – да 90% у 2031-м.
Першапачаткова Мінфін краіны прапаноўваў павысіць падатак да 100%.
В'етнам займае другое месца ў аб'ёмах спажывання піва ў Паўднёва-Усходняй Азіі. На рынку працуюць міжнародныя кампаніі, у тым ліку Heineken і Carlsberg, а таксама мясцовыя вытворцы накшталт Sabeco і Habeco.
З 2019 года індустрыя адчувае цяжкасці пасля ўвядзення строгіх законаў аб кіраванні ў нецвярозым выглядзе, якія прадугледжваюць нулявы ўзровень алкаголю ў крыві. Як заявіў кіраўнік Асацыяцыі вытворцаў алкагольных напояў В'етнама, прыбыткі галіны зніжаюцца ўжо трэці год запар. На фоне падзення попыту Heineken раней прыпыніла працу аднаго са сваіх заводаў у краіне.
Таксама ў суботу парламент падтрымаў увядзенне новага падатку на салодкія напоі з утрыманнем цукру вышэй за 5 г на 100 мл. З 2027 года стаўка складзе 8%, а ў 2028 годзе вырасце да 10%.