Лукашэнка захацеў усталяваць помнік карове на фоне рэкордных маштабаў гібелі жывёлы
24- 17.06.2025, 18:20
- 7,114

Дыктатар, які знішчыў сельскую гаспадарку, заявіў, што карова павінна стаяць у палацы.
Узурпатар Аляксандр Лукашэнка на нарадзе пра АПК у Менскай вобласці 17 чэрвеня прапанаваў устанавіць помнік карове.
«Я казаў, што карове не толькі трэба помнік за гады Вялікай Айчыннай вайны паставіць. Карова і сёння корміць народ. Асноўная прадукцыя, якую мы атрымліваем, – гэта карова. Гэта не толькі малако, але і мяса», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў, што жывёлу неабходна ўтрымліваць у адпаведных умовах.
«Карова, калі хочам быць здаровымі, павінна дыхаць нармальна і харчавацца. Карова павінна стаяць у палацы», – адзначыў Лукашэнка.
Як паведамляў нядаўна сам Лукашэнка, услед з дэфіцытам бульбы і шэрагу іншай гародніны ў Беларусі абвастрыліся праблемы ў сферы жывёлагадоўлі. Дыктатар заявіў, што маштабы гібелі жывёлы ў Беларусі дасягнулі антырэкорду. «Пра што кажа статыстыка? Падзеж дасягнуў гістарычнага максімуму!» – абурыўся ён падчас нарады з чальцамі ўраду.
Лукашэнка заявіў, што падзеж жывёлы разбурае жывёлагадоўчую галіну краіны. Паводле словаў узурпатара, адзін з варыянтаў развязання праблемы – гэта выкуп жывёлы з праблемных гаспадарак з наступнай перадачай іх тым гаспадарам, якія здольныя забяспечыць «добрае ўтрыманне» і агляд ветэрынараў.
«Што мы заўважылі [падчас праверак]? Раённыя ветурачы замест таго каб лячыць, прафілактаваць і іншае, абмяркоўваюць з урачамі ў гаспадарках, як схаваць гэты падзеж. Гэта кашмар. Гэта недапушчальна. За гэта трэба несці крымінальную адказнасць», – заявіў Лукашэнка.
Таксама ён раскрытыкаваў урад за масавую гібель маладняку, асабліва цялятаў, і падкрэсліў, што гэтае пытанне патрабуе асобнага дэталёвага абмеркавання.