У Слоніме злавілі зладзюжак у масках Якубовіча
6- 17.06.2025, 17:34
- 6,032

Яны залезлі ў дом і падмянілі грошы на сувенірныя.
Двое мужчын прыехалі ў Слонім з Баранавічаў. Яны пакінулі аўтамабіль у лесе, пераселі на ровары і сталі сачыць за домам, які можна было б абакрасці.
У новым мікрараёне на ўскраіне горада яны заўважылі пляц з дагледжаным домам і гаражом. Яны пачалі сачыць за жыхарамі, і раніцай 16 чэрвеня, калі тыя пакінулі дом, адзін са злодзеяў вярнуўся да аўтамабіля, а другі пракраўся ўнутр.
34-гадовы мужчына хутка знайшоў у спачывальні ашчадак ў рознай валюце і ювелірныя ўпрыгажэнні. Грошы ён падмяніў на сувенірныя купюры, каб здабыць час. З дому злодзей вынес 20 тысяч рублёў і 11 упрыгажэнняў на суму 8 тысяч. Прыяцелі селі ў аўто і паехалі ў Баранавічы.
Гаспадыня вярнулася дадому да абеду і адразу выявіла прапажу грошай. Яна патэлефанавала ў міліцыю, і сілавікі затрымалі злодзеяў па дарозе ў Баранавічы, піша СК.
Усе выкрадзенае знайшлі ў аўто ў затрыманых. Акрамя таго, у аўто знайшлі ровары, мабільныя тэлефоны, маскі з тварам Якубовіча, шалік, пальчаткі, біноклі, радыёстанцыі, стамескі, лом, нож, электрашокер і пярцовыя балоны. Увогуле, злодзеі рыхтаваліся да налёту старанна.
На мужчын завялі крымінальную справу аб крадзяжы на вялікую суму.