Ці вырасце кошт жытла пасля зніжэння стаўкі папулярнага крэдыту
- 17.06.2025, 14:54
- 1,694

Меркаванне экспэрта.
Днямі Беларусбанк знізіў стаўку для папулярнага крэдыту на куплю жылля «Іпатэка Экспрэс». Незалежная экспэртка жылой нерухомасці Наталля Літоўская падзялілася меркаваннем, як гэта адаб'ецца на кошце нерухомасці.
Са слоў экспэрткі, крэдыт на жытло на другасным рынку пад 17,4% на агульных падставах па-ранейшаму нятанны. Адсотак тых, хто звярнуўся па яго падрасце, але нязначна.
А вось стаўкі для чаргавікоў Наталля Літоўская назвала падарункам: 14,5% на куплю другаснага жылля і 13,5% — на куплю гатовай новабудоўлі. Яна падкрэсліла, што гаворка ідзе пра «прыемныя і лёгкія стаўкі», таму адсотак закрэдытаваных чаргавікоў вырасце значна.
Пры гэтым экспэртка адзначыла, што «тыповы чаргавік, які купляе кватэру на другасным рынку», — гэта, як правіла, маладая сям'я, сям'я з дзіцем, з невялікім ашчадкам і невялікімі даходамі. І іх бюджэт, як правіла, вельмі невялікі.
Так, яны прыйдуць на рынак і будуць шукаць нешта недарагое. Попыт на кватэры з коштам да $80 тысяч падрасце. Але аб'екты з цэннікам ад $100 тысяч як былі, так і застануцца па-за іх бюджэтам», - мяркуе спецыялістка ў нерухомасці.
На думку Наталлі Літоўскай, рэакцыя на новыя стаўкі будзе ў павелічэнні колькасці ўгод, у падвышэнні попыту на ніжні коштавы сегмент. Але гэтага яшчэ недастаткова, каб справакаваць рост коштаў — прынамсі на сярэдні коштавы сегмент накшталт паўнавартасных двухпакаёвак у даволі свежых маналітна-каркасных дамах ля метро.