Беларусаў папярэдзілі пра збоі ў працы 4G на тэлефонах
4- 17.06.2025, 14:09
- 5,856

Справа ў сім-картцы.
У некаторых абанентаў А1 ёсць імавернасць узнікнення праблем з інтэрнэтам і званкамі. Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях кампаніі А1 Уладзімір Сачкоў.
Справа ў сім-картцы, якая ў некаторых старых абанентаў можа быць старога ўзору. Гаворка ідзе пра прылады, якія ставіліся да другога пакалення сувязі з GSM.
Таму, калі ў вас яшчэ жоўценькая вэлкомаўская сім-картка, яе лепш замяніць. Гэта бясплатна, ваш нумар і інфармацыя на сім‑картцы захаваюцца.
Гаджэты варта абнавіць
Прадстаўнік А1 таксама расказаў, чаму ў некаторых абанентаў бываюць праблемы з сувяззю ў месцах, дзе ў іншых няма збояў у прыёме сігналу. Такое часта адбываецца ў сельскай мясцовасці.
Справа можа быць у старых тэлефонах, якія працуюць толькі ад сетак другога ці трэцяга пакалення. У месцах са слабым сігналам імавернасць добрага званка становіцца не вельмі высокай.
«Сёння 70% апаратаў на нашым рынку падтрымліваюць тэхналогію LTE, гэта значыць званок ідзе праз сетку чацвёртага пакалення. Вымярэнні паказваюць больш якасную сувязь нават пры невысокім узроўні сігналу», – расказаў Сачкоў.