Ізраіль цалкам знішчыў цэнтрыфугі на галоўным ядзерным заводзе Ірана
- 17.06.2025, 13:48
- 6,978

Таксама з'явіліся падрабязнасці аб разбурэннях на ядзерным аб'екце ў Ісфахане.
Цэнтрыфугі для ўзбагачэння ўрану на іранскім падземным заводзе ў Натанзе маглі быць цалкам знішчаныя ў выніку ўдараў Ізраіля 13 чэрвеня, паведаміў кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі. Паводле яго, гэта адбылося праз адключэнне электраэнэргіі і разбурэнне наземнай часткі заводу. «Наша ацэнка такая, што з гэтай раптоўнай стратай вонкавага сілкавання, магчыма, цэнтрыфугі былі сур'ёзна пашкоджаныя, калі не знішчаны цалкам», — сказаў Гросіі ў інтэрв'ю ВВС.
Ён таксама дадаў, што на пляцоўцы адбылося радыеактыўнае і хімічнае забруджванне, але ўзровень радыяцыі звонку пакуль застаецца ў межах нормы. На гэты момант з меркаванняў бяспекі ніякія інспекцыі на аб'екце не праводзяцца. «Я ніколі не мог бы адправіць сваіх інспектараў у такую небяспеку, таму, вядома, аб'екты закрытыя, яны недаступныя для нармальнай дзейнасці», — адзначыў кіраўнік МАГАТЭ. Паводле ягоных слоў, галоўнай праблемай унутры завода застаецца хімічная таксічнасць гексафтарыду ўрану і злучэнняў фтарыду, якія ўтвараюцца пры кантакце з вадой.
Таксама пашкоджанні ў выніку атакі Ізраіля зафіксаваныя на ядзерным аб'екце ў іранскім Ісфахане. Там разбураныя чатыры будынкі, адзначыў Гросі: Цэнтральная хімічная лабараторыя, завод канверсіі ўрану, завод вытворчасці паліва для рэактараў і прадпрыемства перапрацоўкі тэтрафтарыду ўрану. Як і ў Натанзе, узровень радыяцыі за межамі пляцоўкі застаецца нязменным. У той жа час на месцы завода для ўзбагачэння паліва ў Фардо і на цяжкаводным рэактары ў Хандаб, які знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, пашкоджанняў не зафіксавана. АЭС у Бушэры не была аб'ектам нядаўніх нападаў і не пацярпела ад іх, як і даследчы рэактар у Тэгеране.