«Міс свету - 2025» абралі ў Індыі
11- 1.06.2025, 16:07
- 12,364

Хто перамог?
Абрана самая прыгожая дзяўчына планеты.
Конкурс прайшоў у індыйскім горадзе Хайдарабадзе. На гэты раз на атрыманне тытула прэтэндавалі 108 удзельніц.
Але пераможца заўсёды адна - і гэта 21-гадовая мадэль Апал Сучата Чуангсры з Тайланда. Дарэчы, упершыню прадстаўніца гэтай азіяцкай краіны дасягнула такіх вышынь на конкурсе.
Карону ёй уручыла леташняя ўладальніца тытула Крысціна Пышкава з Чэхіі.
Апал Сучата прадстаўляла Тайланд на «Міс Сусвет - 2024». Тады ў конкурсе ўдзельнічалі 125 дзяўчат з усяго свету. Тайландка змагла заняць трэцяе месца, гэта значыць, стала «Другой віцэ-міс Сусвет».
Аднак яе пазбавілі гэтага тытула, бо яна наважыла ўдзельнічаць у «Міс Свету» раней, чым праз год пасля яго атрымання.
Галавакружны поспех дзяўчыны ў конкурсах прыгажосці на радзіме і не толькі, магчыма, збольшага тлумачыцца яе ростам - 180 см.
Для еўрапейскіх прыгажунь нічога асаблівага ў такіх параметрах няма, аднак сярэдні рост жанчын у Тайландзе складае 157 см, а мужчын - 168 см.
Дзяўчына вучыцца на факультэце міжнародных дачыненняў і марыць аднойчы стаць паслом. Ёй падабаецца займацца валанцёрскай дзейнасцю ў арганізацыях, якія дапамагаюць хворым на рак грудзей. Апал падтрымлівае і натхняе пацыентак і вельмі ганарыцца сваёй працай.
Конкурс «Міс свету» другі раз запар прымае Індыя. Год таму цырымонія праходзіла ў Мумбаі, а зараз - у Хайдарабадзе. Удзельніц на гэты раз было крыху менш чым звычайна.
У «Міс Танзаніі» папросту не выстарчыла сродкаў на паездку, галоўная прыгажуня Славаччыны засталася на радзіме праз вучобу (яе замянілі на іншую), а дзяўчына з Паўднёвай Карэі прымудрылася атрымаць траўму перад конкурсам.
Самая недарэчная гісторыя адбылася з удзельніцай з Балгарыі: яна памылкова ўдзельнічала не ў тым нацыянальным конкурсе, таму яе тытул не прызналі.
Дарэчы, другое месца дасталася самай прыгожай дзяўчыне Эфіопіі Хасэт Дрэеж Адмасу. Трэцяй стала ўдзельніца з Польшчы Мая Клайда. Чацвёртае месца заняла прадстаўніца Марцінікі Аўрэль Хаакім.
Карона пераможцы вырабленая з белага золата вагой 18 каратаў, упрыгожаная 1770 дробнымі дыяментамі і вялізным сапфірам вагой 175,49 карата.
На задуму стваральнікаў, карона «Міс свету» сімвалізуе мір, вернасць і мудрасць. Яе кошт ацэньваецца амаль на $250 тысяч.