Украінская СЗВ: Масква можа страціць фінансавую падушку ў 2026 годзе
4- 1.06.2025, 13:50
- 2,820

Санкцыі працуюць.
За тры гады поўнамаштабнага ўварвання Расея выдаткавала большую частку свайго Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНБ). Але ў 2026 годзе Масква таксама можа застацца цалкам без фінансавай падушкі.
Пра гэта паведамляе ўкраінская Службы знешняй выведкі.
Як зазначаецца, калі цяперашнія санкцыйныя абмежаванні будуць захоўвацца, а Захад узмоцніць кантроль за абыходам нафтавых санкцый, у 2026 годзе Расея можа страціць апошнія рэшткі фінансавай падушкі.
Паводле афіцыйных звестак, у пачатку ліпеня 2022 года аб'ём ліквіднай часткі фонду складаў 145 млрд даляраў. Ужо праз год гэтая сума скарацілася амаль удвая – да 78 млрд, а на 1 траўня 2025 года засталося толькі 39 млрд. Такім чынам, рэзервы Расеі зменшыліся амаль у чатыры разы.
Акрамя таго, СЗВ адзначае, што пры ўмове падзення сярэдняга кошту нафты Brent да 64 даляраў за бараль у 2025 годзе і да 60 даляраў у 2026-м, бюджэт РФ, які ў значнай ступені залежыць ад энэргарэсурсаў, будзе пад сур'ёзным фіскальным ціскам.
У выведцы таксама адзначылі, што эканамічная сітуацыя ўнутры краіны пагаршаецца: праекты «Расатама» на 2025 год недафінансаваныя на 80%, чыгуначныя перавозкі падаюць, а ў здабыўной, металургічнай і будаўнічай галінах фіксуецца спад. У той самы час шэраг буйных кампаній прыпынілі выплату дывідэндаў.
«Нягледзячы на гэта, Масква прадаўжае дэманстраваць упэўненасць у стабільнасці эканомікі. Але дзяржаўная прапаганда не здольная схаваць рэальныя маштабы крызісу – сыравінная мадэль эканомікі РФ імкліва страчвае эфектыўнасць», – рэзюмавалі ў СЗВ.