«Усе баярамі становяцца»
30- 5.05.2025, 20:32
- 24,816

Мянчанка ўладкавалася на падпрацоўку ў папулярную сетку рэстаранаў – ёй хапіла аднаго дня.
Жыхарка Менска ўладкавалася на падпрацоўку ў сетку рэстаранаў грузінскай кухні «Хінкальня» і засталася незадаволеная ўмовамі: паводле ейных словаў, за 7 рублёў за гадзіну трэба было выканаць аб'ём працы на пяцярых чалавек. Таксама жанчына паскардзілася на зневажальнае стаўленне да супрацоўнікаў. Пра свой досвед яна расказала ў TikTok, паведамляе «Люстэрка».
Асцярожна, у відэа прысутнічае ненарматыўная лексіка
Беларуска адгукнулася на аб'яву ў Telegram, дзе за падпрацоўку ў «Хінкальні» абяцалі плаціць 7 рублёў за гадзіну. На змену яна прыехала ў 15.30, працаваць трэба было да 23.00, у асноўным мыць посуд. Жанчына ўзяла з сабой дачку, якую не было з кім было пакінуць: дзяўчынцы дазволілі гуляць на пляцоўцы на вуліцы і «пасядзець у куточку» ва ўстанове.
А 9 гадзіне вечару адміністратар папрасіў беларуску памыць падлогу ў прыбіральні, складскіх памяшканнях і раздзявальні ў падвале: там быў «неймаверны пласт бруду», які давялося адціраць блізу гадзіны.
Пасля вяртання на кухню жанчына выявіла, што мыйка заваленая брудным посудам: бляхамі, мясарубкамі, рондалямі – і адмыць усё гэта трэба было за гадзіну, якая заставалася да канца змены. Гэта быў «аб'ём недзе на чалавек пяць на цэлы дзень», сцвярджае беларуска.
«Калі шэсць чалавек сядзіць і навальвае працу на апошнюю гадзіну аднаму чалавеку – гэта нейкая тэндэнцыя ў Менску, хлопцы. Усе баярамі становяцца, разумееце. Усе, акрамя прыбіральніцы», – паскардзілася мянчанка.
Паводле словаў жанчыны, ёй удалося паспець перамыць увесь посуд, акрамя пары бляхаў. Дачка ўжо засынала, і ім «лагодна» дазволілі сысці крыху раней. Аднак перад адыходам беларуску папрасілі паказаць торбу на камеру, а за ўвесь вечар заплацілі 52 рублі і 50 капеек.
«Апошняя гадзіна працы каштавала ім 14 рублёў, а гэтая праца для цэлай брыгады клінінгу і не менш чым на 100 даляраў», – мяркуе беларуска і заклікае не згаджацца на падобныя падпрацоўкі.
У каментарах многія дзякавалі ёй за папярэджанне і дзяліліся ўласным досведам працы ў грамадскім харчаванні і на прыборцы.
«Усё жыццё працавала прыбіральніцай, дворнічыхай. Цяпер 44 гады. Нічога ў мяне няма, ні здароўя, ні грошай, ні машыны, ні кватэры, ні зубоў. Проста выжывала як магла, застаўшыся ў 15 гадоў адна».
«Дзякуй вам, што расказваеце ўсё як ёсць. Каб іншыя не трапіліся на вуду. Як шмат, высвятляецца, ахвотных ашукваць і нажывацца за кошт іншых».
«Г.зн. яны засіраюцца месяц, а потым аднаразова гаспадыню шукаюць».
«7 рублёў за гадзіну, бляха… Часта бываю ў “Хінкальні”, не думала, што так там абясцэньваюць чалавечую працу, ды яшчэ жаночую».
«Яны не паважаюць вахтавікоў. І працоўных – “гаспадынь”. На жаль, гэта так… Вядома, не ўсе, але большасць».
«Працадаўца запрашае на дзень чалавека, які робіць за семярых працу, і не плаціць за яго падатак».
«Уладкуйцеся ў клінінг, будзеце рабіць тое ж самае, але затое даражэй».
«Праца гэтая запатрабаваная, адпаведна і аплачвацца яна павінна годна».
«Колькі тут пісак, што трэба ўсё аддаць у прыватныя рукі… яны думаюць, што 75 руб./дзень за 12 гадзінаў – гэта годны заробак!»
«Менчукам плацяць 7 руб., а вахтавікам – 3,5. Я прыбірала ўсе тры паверхі, прыбіральні і летнюю веранду. Жах», – расказала адна жанчына аб працы ў рэстаране «Баклажан».
«Пякельная праца! Я працавала ў доме інвалідаў, а пасля ночы – пасудамыйкай, каб дачцэ зуб паставіць».
«Ёлкі-палкі! 7 рублёў за гадзіну? Вы можаце прапаноўваць дапамогу ў доме за 10 – і то ў плюсе будзеце. Не магу слухаць гэты здзек!»
«10 руб. за гадзіну, з 9 да 21 – не магу знайсці нікога. Але за 7 на гадзіну на пекла – усе ідуць. Парадокс».
«Мясарубкі павінны прыбіраць за сабой кухары».
«А бедныя дзяўчаты ідуць туды, каб пракарміць дзіця».