Навуковец расказаў пра будучыню цялятаў, якіх нарадзілі беларускія каровы ад зубра
2- 30.05.2025, 19:03
- 11,260

Такія цяляты будуць расці хутчэй за сваіх пародных сваякоў.
У Шаркаўшчынскім раёне з'явіліся цяляты, якія ўяўляюць з сябе гібрыд кароваў герэфардскай пароды і дзікага зубра. Эксперт у галіне генетыкі з Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны расказаў БелТА, якім можа стаць гэтае незвычайнае патомства і ці бяспечна ўтрымліваць яго побач са звычайным каровіным статкам.
Летась да кароваў малочнатаварнага комплексу на выпас прыйшоў адзінокі, але даволі спакойны зубр, а сёлета высветлілася, што ён пакінуў пасля сябе патомства. Адно з цялятаў атрымала ў спадчыну масць зубра, іншае – мамы-каровы.
У райаграсэрвісе такога яшчэ не сустракалі, таму цяпер вызначаюць, што рабіць з нечаканым сюрпрызам. Цяляты пакуль застаюцца на прадпрыемстве пад наглядам супрацоўнікаў.
Загадчык кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёлаў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Алег Заяц растлумачыў, што з навуковага гледзішча гэта зразумела. Генетычныя карані буйной рагатай жывёлы сыходзяць якраз да зуброў, і ў іх аднолькавая колькасць храмасомаў. У той самы час фізічна каровы і зубры амаль ніколі не перасякаюцца.
Зубры ў перыяд спарвання пакрываюць самак, пакуль цыкл не закончыцца. На выпас кароваў малочнай пароды выпускаюць ужо аплодненымі, а мясных, як герэфорды, – не, таму зубр, які хадзіў у вялікім статку, мог апладніць не толькі дзвюх, але і больш самак.
Заяц адзначыў, што паводзіны і характар дзікага бацькі цялятам могуць не перадацца, усё залежыць ад навакольнага асяроддзя і клопату людзей. Ёсць шмат выпадкаў, калі дзікія жывёлы абвыкаюць да чалавека, становяцца ручнымі і спакойнымі. Гібрыды зубра і каровы таксама могуць вырасці спакойнымі, паколькі каровы-герафарды паводле прыроды – спакойныя жывёлы.
Паводле прагнозаў генетыка, такія цяляты будуць расці хутчэй за сваіх пародных сваякоў. Быкі, атрыманыя ад гэтага гібрыда, будуць бясплоднымі, але цялушкі могуць даваць нашчадкаў.
Для племянной гадоўлі гібрыдаў лепш трымаць асобна. Яны адрозніваюцца толькі памерамі і вонкавым выглядам – могуць перавышаць і герэфордаў, і зуброў у вышыні і вазе. Тэрмін жыцця ў іх такі самы, як у звычайных кароў. Калі іх пакінуць на адкорм, гаспадарка можа атрымаць такое самае якаснае мяса, як у маці-герафордаў, якія славяцца мармуровай ялавічынай.
Алег Заяц сказаў, што асабіста сутыкаецца з такімі выпадкамі ўпершыню, хоць на занятках студэнтам расказвае пра гібрыдызацыю і вывядзенне новых пародаў. Звычайна такія пароды выводзяць спецыяльна для паляпшэння якасці малочнай прадукцыі.
Шаркаўшчынскі райаграсэрвіс займаецца развядзеннем племяннога статку, таму пастанова за кіраўніцтвам прадпрыемства.