Памёр легендарны беларускі выведнік Генадзь Юшкевіч
11- 30.05.2025, 18:17
- 9,506

Ён памёр на 98-м годзе жыцця.
На 98-м годзе жыцця памёр беларускі выведнік, ветэран Другой сусветнай вайны Генадзь Юшкевіч, паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Юшкевіч – ветэран спецчастак падраздзяленняў аператыўнай выведкі Генеральнага штаба Чырвонай арміі і органаў унутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Уганараваны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, ордэнам Славы III ступені.
У час ВАВ пайшоў у партызаны. У 14 гадоў стаў байцом партызанскай дыверсійна-выведнай групы «Чайка», у 16 гадоў – чальцом выведнай групы «Джэк» 3-га Беларускага фронту, якая дзейнічала ў тыле. Удзельнічаў у баях за Усходнюю Прусію.
У 2010 годзе Юшкевіч быў залічаны ў рады ганаровых салдатаў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння.
Юшкевіч нарадзіўся 1 студзеня 1928 года ў Менску ў сям'і службоўцаў. У 1941 годзе скончыў шэсць класаў, у 1946 годзе – першы курс аўтатэхнічнага аддзялення маскоўскага тэхнікума Міністэрства нарыхтовак СССР, а ў 1947 годзе – экстэрнам сярэднюю школу. У 1949 годзе атрымаў дыплом з адзнакай у афіцэрскай школе МУС СССР, у 1959 годзе таксама з чырвоным дыпломам скончыў завочна юрыдычны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта.