ISW: Мэты Крамля раскрытыя
4- 29.05.2025, 9:22
- 12,988

Пуцін хоча значна больш, чым чатыры вобласці.
Паведамленні заходніх медыў і інсайдэраў аб патрабаваннях Крамля аб спыненні вайны ва Украіне адпавядаюць неаднаразовым публічным заявам расейскіх чыноўнікаў, якія паказваюць на нязменную мэту Расеі - гэта капітуляцыя Украіны і знішчэнне NATO.
Такую выснову аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) агучваюць у сваёй справаздачы, прааналізаваўшы публікацыю Reuters ад 28 траўня. Тры расейскія крыніцы, знаёмыя з дэталямі мірных перамоў, паведамілі, што Уладзімір Пуцін выстаўляе такія патрабаванні да спынення вайны,
пісьмовае абавязацельства заходніх дзяржаў, якое прадугледжвае, што NATO не будзе пашырацца на ўсход;
нейтралітэт Украіны;
паслабленне санкцый;
размарожванне расейскіх актываў на Захадзе;
расплывістае патрабаванне аб «абароне расейскамоўных ва Украіне».
У ISW падкрэсліваюць, што крамлёўскія чыноўнікі раней неаднаразова выкарыстоўвалі сцвярджэнне аб тым, што ва Украіне нібыта дыскрымінуюць расейскамоўных, каб апраўдаць заклікі Расеі да змены ўлады ва Украіне і ўстанаўлення пракрамлёўскага марыянетачнага рэжыму. А патрабаванні Расеі аб забароне на пашырэнне NATO, аб нейтралітэце Украіны і змене ўлады - гэта тыя ж патрабаванні, якія Расея выстаўляла яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2021 годзе і ў першыя яго дні. Інстытут вывучэння вайны працягвае ацэньваць, што гэтыя патрабаванні з'яўляюцца часткай намаганняў Крамля, накіраваных на тое, каб прымусіць Захад падштурхнуць Украіну да капітуляцыі і раскалоць NATO як альянс бяспекі.
Паводле інфармацыі Reuters, Пуцін таксама намагае на тым, каб Украіна адмовілася ад усіх чатырох абласцей, якія Расея незаконна анэксавала, але яшчэ не цалкам акупавала - хоць чыноўнікі Крамля ўжо сігналізавалі аб тым, што Расея мае тэрытарыяльныя амбіцыі за межамі гэтых чатырох абласцей. Адна з крыніц Reuters заявіла, што Пуцін зараз менш схільны ісці на тэрытарыяльныя кампрамісы і працягвае патрабаваць тэрыторыі Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей цалкам — уключаючы раёны, якія расейскія войскі пакуль не акупавалі. Са слоў гэтага суразмоўцы Reuters, «Пуцін узмацніў жорсткасць пазіцыі» аб тэрытарыяльных патрабаваннях.
Як нагадваюць спецыялісты ISW, Пуцін упершыню запатрабаваў, каб Украіна саступіла ўсе чатыры вобласці цалкам, у чэрвені 2024 года. З таго часу расейскія чыноўнікі часта паўтаралі гэтае патрабаванне. Газета The Washington Post паведаміла 27 траўня, што, паводле ацэнак украінскай вайсковай выведкі, Расея размясціла 125 000 вайскоўцаў ля межаў Сумскай і Харкаўскай абласцей - двух рэгіёнаў, якія Расея яшчэ не анэксавала нават фармальна-незаконна. Акрамя таго, з траўня 2024 года расейскія войскі праводзяць наступальныя аперацыі, накіраваныя на стварэнне т.зв. «буфернай зоны» ў Харкаўскай вобласці. А нядаўна войскі РФ таксама пачалі атакі з мэтай стварэння «буфернай зоны» на поўначы Сумскай вобласці. Пры гэтым расейскія чыноўнікі заклікаюць Расею захапіць Сумы - імаверна, каб падрыхтаваць глебу для анэксіі Сумшчыны Расеяй.
Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што Расеі, імаверна, будзе цяжка захапіць усе тэрыторыі Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей ваенным шляхам - асабліва ўлічваючы, што імкненне РФ захапіць умацаваны пояс гарадоў-«цытадэляў» у Данецкай вобласці (Канстанцінаўка, Дружкоўка, Краматорск, Славянск) і неабходнасць неабходнасць фарсіравання Дняпра ў Херсонскай вобласці запатрабуе ад РФ значна большых груповак сіл, чым тыя, што зараз размешчаныя на ўсходзе і поўдні Украіны. Такім чынам, мяркуюць у ISW, Расея б засяродзіла свае намаганні выключна на захопе гэтых чатырох абласцей, калі б тэрытарыяльныя амбіцыі Крамля сапраўды абмяжоўваліся імі. Аднак размяшчэнне значных сіл для наступу ў Харкаўскай і Сумскай абласцях сведчыць, што Расея мае намер узмацніць свае тэрытарыяльныя патрабаванні. ISW працягвае ацэньваць, што Крэмль мае значныя тэрытарыяльныя амбіцыі на поўдні і ўсходзе Украіны, а расейскія чыноўнікі з найбліжэйшага асяроддзя Пуціна нават заклікалі Расею ўзяць пад кантроль большую частку Украіны.
Між тым Пуцін працягвае дэманстраваць сваю гатоўнасць дасягаць сваіх ваенных мэт ваенным шляхам працяглай вайны супраць Украіны, падчас якой расейскія войскі будуць працягваць сваё паступовае, паўзучае прасоўванне. Адна з крыніц Reuters, заявіла, што Пуцін паспрабуе выкарыстоўваць заваёвы РФ на полі бою, каб паказаць Украіне і Еўропе, што «заўтра [дасягненне] міру будзе яшчэ больш балючым», калі Пуцін не зможа дасягнуць жаданых умоў мірнай дамовы. Суразмоўца агенцтва таксама заявіў, што Пуцін скарыстаецца ўсімі тактычнымі магчымасцямі на полі бою для далейшага прасоўвання ўглыб Украіны. Паводле інфармацыі крыніц Reuters, дыктатар мяркуе, што Расея здольная ваяваць гадамі, нават нягледзячы на санкцыі ці іншыя эканамічныя захады, якія Захад можа ўвесці супраць Расеі ў будучыні. ISW даўно ацэньвае, што Пуцін прытрымліваецца тэорыі перамогі, якая мяркуе, што расейскія войскі змогуць працягваць паступовае, паўзучае прасоўванне бясконца доўга і перачакаць заходнюю вайсковую дапамогу Украіне, а таксама ўласныя намаганні Украіны па мабілізацыі.