Уплывовыя рэспубліканцы заклікалі Трампа пакараць Пуціна
26- 27.05.2025, 20:03
- 15,212

Яны запатрабавалі ўзброіць Украіну і ўвесці супраць РФ санкцыі.
Два ўплывовыя прадстаўнікі Кангрэса Злучаных Штатаў Чак Грасл і Джо Уілсан публічна запатрабавалі ад прэзідэнта Дональда Трампа катэгарычных дзеянняў у дачыненні да Расеі.
Многія прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, відавочна, не падтрымліваюць лаяльную Крамлю палітыку амерыканскага лідара, паведамляе Dialog.UA.
Грасл, які з'яўляецца адным з сенатараў, што даўжэй за ўсё застаюцца на службе, і мае значны ўплыў у Сенаце, выказаўся коратка, але жорстка.
Рэагуючы на чарговы масаваны ўдар РФ па Украіне, ён напісаў у Х: «Мне надакучыла глядзець на тое, як Пуцін забівае нявінных людзей. Прэзідэнт Трамп, ужывіце захады. Увядзіце прынамсі санкцыі».
Кангрэсмэн-рэспубліканец Уілсан апублікаваў падобны пост у Х. Аднак ён, апроч санкцыяў, запатрабаваў таксама ўзброіць Украіну, каб яна магла абараняць сябе ад агрэсара. «Згодны з прэзідэнтам наконт таго, што ваенны злачынец Пуцін вар'ят. Цывілізаваны свет не будзе сядзець склаўшы рукі, назіраючы за імперскай істэрыкай Пуціна, якая забірае жыцці ўкраінскіх дзяцей. Санкцыі і падтрымка Украіны зброяй патрэбныя ўжо ЗАРАЗ», – напісаў прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў ЗША.