NYT: Нямеччына паслала сігнал Расеі і ЗША
2- 27.05.2025, 16:23
- 5,876

Краіна бярэ на сябе адказнасць за бяспеку Еўропы.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц робіць стаўку на ўзмацненне Узброеных Сіл краіны і яе актыўную ролю ў NATO. Адным з сімвалаў гэтага курса стала разгортванне ў Літве першай цалкам браняванай нямецкай танкавай брыгады, сталая прысутнасць якой за межамі Нямеччыны стала гістарычным прэцэдэнтам з канца Другой сусветнай вайны, піша The New York Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Падчас візіту ў Вільню Мерц падкрэсліў, што Нямеччына бярэ на сябе адказнасць за бяспеку Еўропы: «У гады халоднай вайны мы маглі разлічваць на хаўруснікаў — цяпер наша чарга быць побач». У сталіцы Літвы на ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі сотні літоўцаў і блізу 700 нямецкіх салдат.
Павелічэнне абаронных выдаткаў стала прыярытэтам новага ўрада. Нямеччына выдзяляе маштабныя сродкі на мадэрнізацыю войска, імкнучыся зрабіць Бундэсвер самым магутным войскам у Еўропе. Чакаецца, што выдаткі на абарону дасягнуць 3,5% ВУП, а яшчэ 1,5% пойдуць на інфраструктуру. Гэта значна перавышае традыцыйныя мэты NATO.
Міністр абароны Барыс Пісторыус актыўна прасоўвае рэформы, у тым ліку ідэю частковага прызыву паводле швэдскай мадэлі. Ён асабіста курыраваў стварэнне брыгады ў Літве, уключаючы ўладкаванне школ і інфраструктуры для сем'яў вайскоўцаў.
Да 2027 года ў Літве будзе размешчана да 4 800 нямецкіх салдат. На думку аналітыкаў, гэта важны крок да ўмацавання ўсходняга флангу NATO і сігнал гатоўнасці Нямеччыны адыгрываць больш актыўную ролю ў гарантаванні бяспекі Еўропы.