ЕЗ ухваліў стварэнне абароннага фонду на 150 мільярдаў еўраў
4- 27.05.2025, 15:05
- 2,188

Вугоршчына ўстрымалася ад галасавання.
Міністры краін Еўрапейскага Звязу ў аўторак адобрылі стварэнне маштабнага абароннага фонду SAFE (Security Action for Europe) аб'ёмам 150 мільярдаў еўраў. Пастанова была прынятая на фоне асцярог магчымай агрэсіі з боку Расеіі і сумненняў у надзейнасці гарантый бяспекі з боку ЗША, піша агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
Міністры ЕЗ канчаткова зацвердзілі праграму. Ініцыятыву адобрылі 26 з 27 краін - Вугоршчына ўстрымалася ад галасавання.
«Мы адобрылі SAFE - першую буйнамаштабную праграму абаронных інвестыцый на ўзроўні ЕЗ», - заявіў прадстаўнік Польшчы, якая старшынюе ў Радзе ЕЗ у гэтым паўгоддзі. «Чым больш мы інвестуем у сваю бяспеку, тым больш эфектыўна стрымліваем тых, хто зычыць нам зла».
Еўракамісія прапанавала стварыць фонд у сакавіку на фоне росту турботы еўрапейскіх лідараў наконт магчымасці адмовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ад абавязацельстваў па абароне Еўропы.
За апошнія тры гады еўрапейскія дзяржавы ўжо павялічылі абаронныя выдаткі больш як на 30 адсоткаў, але ў Брусэлі мяркуюць, што гэтага недастаткова.
Масква рэзка асудзіла ініцыятыву ЕЗ па пераўзбраенні, назваўшы яе «правакацыяй» і рэакцыяй на «выдуманую пагрозу». Аднак еўрапейскія лідары ўказваюць, што Расея рабіла аналагічныя заявы і перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Праграма SAFE прадугледжвае супольнае фінансаванне абаронных праектаў паміж краінамі ЕЗ, а таксама акцэнт на закупы ў еўрапейскіх вытворцаў для ўмацавання прамысловага патэнцыялу рэгіёна. Каб праект мог атрымаць фінансаванне, не менш за 65% яго кошту павінна прыпадаць на кампаніі з ЕЗ, Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Украіны.
Кампаніі з краін, якія падпісалі з ЕЗ пагадненне аб партнёрстве ў галіне бяспекі і абароны, таксама могуць удзельнічаць пры выкананні шэрага ўмоў. Напрыклад, да такіх кампаній зараз можа быць аднесеная брытанская BAE Systems – пасля падпісання пагаднення паміж Лонданам і Брусэлем раней у траўні.
Прыняцце SAFE прайшло паводле паскоранай працэдуры, абыходзячы Еўрапарламент — адабрэнне спатрэбілася толькі ад урадаў краін ЕЗ.