Politico: Юрысты папярэдзілі Трампа
7- 27.05.2025, 11:51
- 12,584

Крым павінен заставацца ўкраінскім.
Калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызнае Крым расейскім у рамках патэнцыйнага мірнага пагаднення з Расеяй, гэта можа перашкодзіць прыцягнуць Маскву да адказнасці за вайсковыя злачынствы, парушыць нормы міжнароднага права і стварыць небяспечны прэцэдэнт, папярэджваюць юрысты-міжнароднікі, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
У красавіку адміністрацыя Трампа дапусціла магчымасць прызнання Крыма часткай Расеі як элемента пагаднення аб заканчэнні вайны ва Украіне.
«Гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт - нават абмяркоўваць такую магчымасць у кантэксце мірных перамоў», — заявіла Ірына Марчук, дацэнтка Міжнароднага крымінальнага права Капенгагенскага ўніверсітэта. «Такога проста не павінна быць на парадку дня».
Юрысты нагадваюць: з канца Другой сусветнай вайны ў міжнародным праве дзейнічае прынцып, які забараняе змяненне межаў сілай. Яго парушэнне можа пацягнуць наступствы далёка за межамі Усходняй Еўропы - напрыклад, легітымізацыю магчымага захопу Тайваня Кітаем ці апраўданне анэксій з боку іншых дзяржаў.
«Гэта паўплывае на ўспрыманне нормаў міжнароднага права», - адзначыў Лаўры Мяльксаа, прафесар міжнароднага права Тартускага ўніверсітэта ў Эстоніі. «Дзяржавы змогуць спасылацца на гэты прэцэдэнт».
Юрыдычная аснова справы Украіны супраць Расеі ў міжнародных судах будуецца на прызнанні акупацыі Крыма незаконнай. Пасля таго як Міжнародны крымінальны суд кваліфікаваў дзеянні Расеі ў Крыме як акупацыю, Масква выйшла з юрысдыкцыі гэтага органа.
«Калі прызнаць Крым расейскім, гэта знішчыць юрыдычную аснову для пераследу злачынстваў, такіх як гвалтоўная дэпартацыя ўкраінцаў», — тлумачыць крымская юрыстка Дар'я Свірыдава. «Гэта ператворыць парушэнне правоў чалавека ў дзеянні суверэннай дзяржавы».
Прафесар Ян Воўтэр з Універсітэта KU Leuven ў Бэльгіі падкрэслівае, што прызнанне Крыма расейскім азначала б, што ўсе дзеянні на тэрыторыі паўвыспы становяцца законнымі з пункту гледжання расейскай юрысдыкцыі.
«Гэта легалізуе любыя дзеянні Крамля ў рэгіёне - ад гвалтоўнай пашпартызацыі да палітычных рэпрэсій», - кажа Воўтэр.
Украінскія ўлады цвёрда выступаюць супраць усялякіх саступак аб статусе Крыма.
«Гэта наша чырвоная лінія. Ніякага прызнання», - заявіў Антон Карыневіч, спецпрадстаўнік Украіны і кіраўнік рабочай групы аб стварэнні спецыяльнага трыбунала аб злачынстве агрэсіі.
Менавіта гэты трыбунал, які павінен пачаць працу ўжо ў 2025 годзе, разглядаецца як адзін з ключавых механізмаў прыцягнення Расеі да адказнасці за агрэсію, пачынаючы з 2014 года.
Тым часам ЗША пры адміністрацыі Трампа змяншаюць сваю падтрымку міжнародных судовых структур, а ў ААН нават галасуюць ва ўнісон з Расеяй аб шэрагу рэзалюцый.
«Крым застаецца акупаванай тэрыторыяй з пункту гледжання права. Але калі адзін з галоўных прыхільнікаў нашай тэрытарыяльнай цэласнасці зменіць сваю пазіцыю, гэта падарве міжнародны кансэнсус», — кажа Свірыдава.
Найбольшую трывогу магчымае прызнанне Крыма часткай Расеі выклікае ў тых, хто працягвае жыць пад акупацыяй.
«Гэта плявок у твар людзям у Крыме», - кажа Нарыман Джэлялаў, былы крымскі палітвязень і цяперашні амбасадар Украіны ў Турцыі. «Калі Трамп зробіць тое, што прапануе, гэта жудасна не толькі з пункту гледжання глабальнай палітыкі, але і з пункту гледжання канкрэтных чалавечых лёсаў».
«Прызнанне Крыма не спыніць Пуціна, таму што ягоная мэта — не Крым. Яго мэта - значна больш», - кажа Джэлялаў.