Кіраўнік NATO заклікаў павялічыць вайсковыя выдаткі для стрымлівання Расеі
3- 27.05.2025, 11:08
- 1,084

Фото: Getty Images
Краіны альянсу павінны выдаткоўваць да 5% ВУП на абарону.
Закончылася пяцідзённае пасяджэнне прадстаўнікоў краін NАТО, прысвечанае 30-годдзю падпісання Дэйтанскіх пагадненняў, якія паклалі канец вайне ў Босніі і Герцагавіне. На фоне беспрэцэдэнтнай расейскай атакі Украіны мерапрыемства прайшло не толькі ў духу дыпламатыі, але і як заклік да ўзмацнення абароны Еўропы, піша Associated Press (пераклад — сайт Charter97.org).
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ, выступаючы на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі NATO, заявіў: «Балканы паказалі, што мір магчымы. Але сёння Еўропа - не ў міры. Расея зноў прынесла вайну на еўрапейскую зямлю»
Ён падкрэсліў неабходнасць павелічэння вайсковых выдаткаў краін Альянсу, прапанаваўшы разгледзець падвышэнне выдаткаў на абарону да 5% ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у найбліжэйшыя гады.
Са слоў Рутэ, такая пастанова можа быць узгодненая ўжо на наступнай сустрэчы лідараў NATO ў чэрвені, і адпавядае ціску з боку ЗША, якія патрабуюць ад хаўруснікаў больш актыўнага ўдзелу ў гарантаванні калектыўнай бяспекі.
Нагадаем, што NATO была створаная ў 1949 годзе для калектыўнай абароны ад пагроз з боку Савецкага Саюза. Сёння ў Альянс уваходзяць 32 дзяржавы. Украіна фармальна не з'яўляецца чальцом NATO, аднак удзельнікі нядаўніх пасяджэнняў падкрэслівалі, што перамога Украіны ў вайне з Расеяй крытычна важная для стабільнасці як у Еўропе, так і ва ўсім свеце.