Прапаганда РФ схавала ад расейцаў заяву Трампа пра «звар’яцелага» Пуціна
3- 26.05.2025, 20:12
- 7,088

Расейскія федэральныя тэлеканалы «не заўважылі» выказванне прэзідэнта ЗША.
Расейскія федэральныя тэлеканалы, дзяржаўныя агенцтвы і кантраляваныя інтэрнэт-выданні не сталі асвятляць заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які назваў Уладзіміра Пуціна «вар'ятам» і абяцаў узмацніць санкцыі супраць Расеі пасля чарговага масаванага ўдару УС РФ па ўкраінскіх мірных гарадах. Як звярнула ўвагу «Агенцтва», прапаганда абрала за найлепшае засяродзіцца выключна на крытыцы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якая таксама змяшчалася ў каментары Трампа.
Так, у выпусках навінаў тэлеканалаў «Расея 1» (аб 11-й) і «Першага канала» (а 12-й) словы Трампа пра Пуціна не згадваліся зусім. Замест гэтага ў эфіры аддалі ўвагу іншай падзеі – жэсту жонкі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які вядоўцы інтэрпрэтавалі як знак шлюбнай сваркі. Сам Макрон пазней растлумачыў, што гэта быў жарт. Дзяржаўнае агенцтва ТАСС назвала матэрыял так: «Трамп: Зяленскі сваімі выказваннямі ўвесь час стварае праблемы Украіне». У тэксце няма ні згадак пра магчымыя санкцыі супраць Расеі, ні прамой крытыкі Пуціна. Толькі ў выснове коратка гаворыцца: «Ён [Трамп] зноў заявіў пра сваю незадаволенасць нядаўнім масаваным ударам Расеі па аб'ектах на Украіне. Трамп сцвярджаў, што ў расейскіх уладаў ёсць гіпатэтычнае жаданне займець усю тэрыторыю Украіны, што можа "прывесці да краху Расеі"».
Агенцтва «РІА Навіны» напісала ў загалоўку: «Трамп раскрытыкаваў Зяленскага і выказаў незадаволенасць Расеяй». Аднак у самім матэрыяле акцэнт зноў зроблены на выказваннях Трампа на адрас украінскага прэзідэнта, а рэзкія словы пра Пуціна апушчаныя. «РІА Навіны» асобна апублікавалі нататку пра магчымае ўвядзенне санкцый супраць Расеі з боку ЗША.
Палітычныя ток-шоу на федэральных тэлеканалах таксама праігнаравалі заяву Трампа пра Пуціна. У эфіры праграмы «Час пакажа», якая ішла за выпускам навінаў «Першага канала», была працытаваная толькі частка паста, у якой прэзідэнт ЗША крытыкаваў Зяленскага: «Прэзідэнт Зяленскі не робіць сваёй краіне нічога добрага, кажучы так, як ён кажа». У шоу «60 хвілін», якое ішло пасля ранішняга выпуску навінаў на «Расеі 1», мімаходзь згадалі пра магчымасць увядзення санкцый, але асноўную ўвагу зноў засяродзілі на крытыцы Зяленскага.
Буйныя інтэрнэт-выданні таксама не акцэнтавалі ўвагу на выказваннях Трампа пра Пуціна. Так, «Коммерсант», «Лента.ru» і «Газета.ru» зусім не згадалі словы пра «вар'яцтва». РБК прывяло адпаведную цытату, але матэрыял назвала як: «Пасля незадаволенасці на адрас Пуціна Трамп раскрытыкаваў Зяленскага» – акцэнт зноў зрушыўся на ўкраінскага прэзідэнта.
Раней Трамп у гутарцы з журналістамі заявіў, кажучы пра Пуціна: «Ён забівае мноства людзей, і я не ведаю, што, чорт вазьмі, здарылася з Пуціным. Я даўно яго ведаю, заўсёды з ім ладзіў, але ён пасылае ракеты ў гарады і забівае людзей, і мне гэта зусім не падабаецца». Трамп таксама адзначыў, што на фоне таго, што адбываецца, «безумоўна» разглядае магчымасць узмацнення санкцыйнага ціску на Маскву.
Пазней, у пасце ў Truth Social, прэзідэнт ЗША яшчэ больш рэзка ахарактарызаваў дзеянні Пуціна: «Ён зусім звар'яцеў. Я заўсёды казаў, што ён хоча ўсю Украіну, а не толькі яе частку, і, магчыма, гэта праўда. Але калі ён гэта зробіць, гэта прывядзе да падзення Расеі».
Гэтыя заявы прагучалі на фоне маштабнага камбінаванага ўдару, які Расея нанесла па Украіне ў ноч на 25 траўня. Тады было выпушчана блізу 300 ударных дронаў і амаль 70 ракетаў розных тыпаў, у тым ліку балістычныя. Пад атакі трапілі 12 абласцей, у тым ліку Кіеўская, Днепрапятроўская, Харкаўская, Адэская, Мікалаеўская і іншыя. Загінулі 13 чалавек.
Наступнай ноччу, 26 траўня, Расея абнавіла рэкорд колькасці ўжытых беспілотнікаў, атакаваўшы Украіну 355 дронамі і дзевяццю ракетамі.
На выказванне Трампа ў Крамлі адрэагавалі стрымана. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў словы амерыканскага лідара праявай «эмацыйнай перагрузкі». На ягоную думку, эмацыйнасць Трампа звязаная з аднаўленнем перамоўнага працэсу паміж Масквой і Кіевам.