Блэкаўт на поўдні Францыі: адказнасць узялі анархісты
2- 26.05.2025, 11:13
- 2,182

Ультралевыя заявілі аб датычнасці да адключэння святла ў Канах і Ніцы.
Адказнасць за маштабныя збоі ў электразабеспячэнні на французскім Блакітным беразе ўзялі на сябе анархісты. Пра гэта паведамляе ў нядзелю, 25 траўня, медыякампанія BFMTV са спасылкай на ананімную заяву, якую перадалі ў пракуратуру французскіх акруг Грас і Драгіньян, піша “Нямецкая хваля”.
Заява была апублікаваная 25 траўня на адным з вэб-сайтаў, кіраваных актывістамі ультралевага руху. У ім аўтары падаюцца як дзве групы анархістаў, якія бяруць на сябе адказнасць за атаку на аб'екты электразабеспячэння на Блакітным беразе.
"Напярэдадні цырымоніі ўручэння ўзнагарод Канскага кінафестывалю і гала-вечара мы вывелі з ладу асноўную падстанцыю, якая сілкуе агламерацыю Кан, і перапілавалі лінію электраперадачы 225 кВ, якая ідзе з Ніцы”, - гаворыцца ў заяве.
Аўтары дадалі, што для абароны сваіх ідэалаў яны хацелі пакінуць без электрычнасці навукова-даследчыя цэнтры, авіяцыйныя і аэракасмічныя прадпрыемствы, стартапы, аэрапорт і іншыя прамысловыя, вайсковыя і тэхналагічныя аб'екты рэгіёну.
Дакладнасць заявы пакуль не пацверджаная.