«Сказалі, што людзі з візамі тыпу C не змогуць перасекчы мяжу»
17- 20.05.2025, 21:22
- 27,224

На літоўскіх прапускных пунктах калапс.
Прыкладна цягам апошняга года мала што было чуваць пра аўтобусныя калапсы на беларуска-літоўскай мяжы: у сярэднім чаканне ў салоне скарацілася да больш-менш звыклых 3-4 гадзін, паведамляе «Онлайнер».
«Быццам вярнуліся ў 2019-ы», - радаваліся беларусы. Здаецца, сурочылі. Сёння ноччу з пункта пропуску «Каменны Лог» — «Меднікі» пайшлі паведамленні аб сур'ёзных затрымках на пашпартным кантролі, нервах і сарваных адпачынках — праз нейкі збой ў сістэме на літоўскім баку.
Вось такім кашмарам кожнага турыста падзялілася ў Threads мянчанка Юлія:

«Пункт пропуску «Меднікі» не ўпускае пашпарты з візамі С. Шчаслівыя «ўладальнікі віз С, сабраныя з усіх аўтобусаў «Мінсктранс», Ecolines і Eurolines, — сядзяць у адным агульным аўтобусе дзесьці паміж РБ і Літвой больш за 12 гадзін. Мой самалёт па маршруце Вільня-Іракліён ужо паляцеў. Вось такія «грэцкія вакацыі» атрымаліся. Выдаткавана: турпакет-540 еўраў, аўтобус Менск — Вільня — Менск — 360 рублёў. Смутак і стрэс-несувымерныя».
Дзяўчына больш падрабязна распавяла, што адбывалася на мяжы ўчора ўвечары і ўначы.
- На мяжу мы прыехалі 19 траўня блізу 16 гадзін — усё паводле раскладу. Дзівацтвы пачаліся адразу ж, нават кіроўца сказаў, маўляў, нешта не тое: аўтобусы стаялі «колам». Пры гэтым яны былі ўсе рэйсавыя, не турыстычныя. Толькі бліжэй да ночы сталі паволі прасоўвацца наперад, але тут ужо з'явілася інфармацыя, што пасажыры з шэнгенскімі візамі тыпу С не змогуць перасекчы мяжу.

Тып С - стандартны для турыстычнага шэнгена, з ім у Еўропу ездзіць большасць беларусаў не з ліку тых, хто перасякае мяжу з нацыянальнымі візамі. Але ў аўтобусе Юліі такіх было толькі пяць чалавек - у іх лік трапіла і сама дзяўчына: у яе ў пашпарце трохгадовая віза, выдадзеная пасольствам Вугоршчыны.
- Дзесьці а 12 гадзіне ночы зайшоў прадстаўнік памежнай службы Літвы і ветліва папрасіў перасесці ў іншы аўтобус, каб уладальнікі «нармальных» віз тыпу D маглі праходзіць кантроль і ехаць далей. У выніку ўсе пераміксаваліся, людзі з візамі С з розных аўтобусаў апынуліся ў адным. Тут варта сказаць дзякуй розным перавозчыкам, што змаглі скаардынавацца, усіх размясціць. Нават гаворкі не ішло, каб проста пакінуць усіх «С» на мяжы — у гэтым плане ўсё супер.
Праз 3,5 гадзіны пасажыраў з C-візамі ўсё ж такі адвялі на пашпартна-мытны кантроль. Са слоў Юліі, усё праходзіла ў даволі паслабленым рэжыме: літоўскія памежнікі нікуды не спяшаліся, надгляду багажу толкам не было, а сканер адбіткаў пальцаў загараўся чырвоным — магчыма, прылада проста не працавала.
Дык што ўсё ж такі адбылося? Юлія кажа, што на мяжы прычыны калапсу ніхто не патлумачыў, толькі ад кіроўцаў па драбках даносілася інфармацыя ці то пра збоі ў дзейнай сістэме літоўскай памежнай службы, ці то пра нядаўні пераход на новую сістэму, у якой некарэктна падаюцца звесткі менавіта па візах тыпу C. Прычым збоі, мяркуючы з усяго, закранулі прапускныя пункты па ўсёй Літве, уключаючы аэрапорты.
Вось што пісаў удзельнік аднаго з турыстычных чатаў сёння а 12:35:
«Толькі што прыляцелі ў аэрапорт Вільні з «нешэнгена». Віза С - не маглі пальцы адсканаваць. Хвілін 15 марынавалі, але прапусцілі. Нас як мінімум два чалавекі такіх»
У кол-цэнтры перавозчыка Ecolines нам таксама пацвердзілі, што з-за збояў ноччу і раніцай аўтобусы прыбывалі ў Літву са спазненнем на некалькі гадзін.

Калі адновіцца нармальная праца прапускных пунктаў - невядома. Пакуль ёсць толькі непацверджаная інфармацыя з памежных чатаў, што літоўскі бок абяцае аднавіць сістэму да 15:00. Але калі вы найбліжэйшыя гадзіны збіраецеся перасякаць мяжу і, напрыклад, спяшаецеся ў аэрапорт, варта падумаць аб запасных планах.