У Крамлі загаварылі аб сустрэчы Зяленскага і Пуціна
14- 17.05.2025, 12:35
- 6,474

Пяскоў заявіў, што РФ падрыхтуе і перадасць Украіне «пералік умоў».
Прадстаўнік расейскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расея і Украіна дамовіліся абмяняцца пералікам умоў для спынення агню, і «праца вядзецца».
Яго заяву цытуюць расейскія СМІ, паведамляе Цензор.НЕТ.
З яго слоў, сустрэча Зяленскага і Пуціна магчымая пры дасягненні пэўных дамоўленасцей дэлегацый дзвюх краін.
«Праца па ўкраінскім урэгуляванні будзе працягнутая. РФ падрыхтуе і перадасць Украіне пералік умоў для спынення агню. Для Расеі пры падпісанні дакументаў паміж расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі галоўным і прынцыповым з'яўляецца кандыдатура падпісанта ад Украіны», - адзначыў Пяскоў.
Найперш трэба выканаць дамоўленасці, дасягнутыя ў Стамбуле, уключаючы абмен палоннымі 1 000 на 1 000, кажа спікер Крамля.
Акрамя таго, кантактаў РФ і ЗША пакуль не было пасля расейска-ўкраінскай сустрэчы ў Стамбуле, а Крэмль праінфармуе, калі пастановяць правесці размову Пуціна і Трампа.
«Пра якую-небудзь магчымую змену складу дэлегацыі РФ на перамовах з Украінай гаворка не ідзе, праца толькі пачалася. РФ не каментуе выцекі аб выстаўленых на перамовах аб Украіне ўмовах, працэс павінен адбывацца за зачыненымі дзвярыма», – дадаў Пяскоў.