Трамп анансаваў новыя тарыфы для шэрагу краін
7- 16.05.2025, 17:20
- 5,136

Гандлёвыя партнёры ЗША атрымаюць лісты з апавяшчэннем аб новых стаўках.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у пятніцу, 16 траўня, заявіў, што ўстановіць «тарыфныя стаўкі» для амерыканскіх гандлёвых партнёраў «цягам наступных двух-трох тыдняў», адзначыўшы, што ў яго адміністрацыі няма магчымасці весці перамовы і ўкладаць дамовы з усімі ахвочымі гандлёвымі партнёрамі, паведамляе Bloomberg.
Са слоў Трампа, міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт і міністр гандлю Говард Лутнік «разашлюць лісты, у якіх фактычна паведамяць людзям, колькі тыя будуць плаціць за вядзенне бізнэсу ў Злучаных Штатах».
«Я думаю, мы будзем вельмі сумленнымі. Але немагчыма сустрэцца з той колькасцю людзей, якія хочуць нас бачыць», - сказаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША заявіў, што «150 краін хочуць укласці пагадненні», але не сказаў, якія менавіта амерыканскія гандлёвыя партнёры атрымаюць лісты з апавяшчэннем аб новых тарыфных стаўках.
Трамп 2 красавіка абвясціў аб падвышэнні тарыфаў для дзясяткаў гандлёвых партнёраў, але пазней прыпыніў новыя мыты на 90 дзён на фоне панікі інвестараў, каб даць замежным урадам час на перамовы. Аднак у апошнія тыдні прэзідэнт ЗША адышоў ад ідэі весці перамовы з кожным ахвотным гандлёвым партнёрам.
Хоць адміністрацыя Трампа аддае прыярытэт тарыфным перамовам з больш чым дзясяткам краін, недахоп чалавечых рэсурсаў і магчымасцяў робіць немагчымымі адначасовыя кантакты з усімі краінамі, якія патрапілі пад новыя тарыфы Трампа. ЗША дагэтуль вядуць перамовы з некалькімі гандлёвымі партнёрамі, прынамсі, з Японіяй, Паўднёвай Карэяй, Індыяй, а таксама з ЕЗ.
Нядаўна Трамп падпісаў гандлёвае пагадненне з Брытаніяй. Таксама кіраўнік Белага дома пагадзіўся на ўзаемнае часовае зніжэнне тарыфаў з Кітаем, каб атрымаць больш часу для перамоў.