Беларусь трапляе ў «чорны спіс» ЕЗ закона аб барацьбе з абязлесеннем
11- 16.05.2025, 14:43
- 9,808

У гэтым спісе будуць чатыры краіны.
Еўразвяз рыхтуецца прызнаць чатыры краіны высокарызыкоўнымі з пункту гледжання абязлесення. Гэта Беларусь, Паўночная Карэя, М'янма і Расея. Адпаведная пастанова прымаецца ў рамках даўно чаканага закона ЕЗ аб барацьбе з абязлесеннем, перадае Euractiv. Пры гэтым буйныя экспарцёры сыравіны, такія як Бразілія або Інданэзія, змогуць пазбегнуць гэтага статусу.
На працягу апошніх тыдняў дакумент абмяркоўваўся ва ўмовах строгай канфідэнцыйнасці і быў ухвалены ўсімі краінамі-сябрамі ЕЗ у панядзелак 12 траўня.
Каментуючы для Euractiv фігурантаў чорнага спісу, адзін з дыпламатаў ЕЗ называў іх "сапраўднымі злыднямі".
Еўразвяз два гады распрацоўваў сістэму ацэнкі барацьбы з абязлесеннем. У буйных экспарцёраў драўніны (Бразілія, Малайзія і Інданезія) гэты дакумент выклікаў напружанне: яны актыўна лабіявалі, каб не быць у гэтым спісе. У дакументах, апублікаваных летась, Еўракамісія прапаноўвала абмежавацца краінамі, якія ўжо трапілі пад санкцыі ЕЗ ці ААН. Выглядае, што сёлета гэты падыход захавалі.
Пакуль што Еўракамісія адмаўляецца называць краіны, якія патрапяць у канчатковы спіс. Афіцыйна абнародаваць яго плануецца ў чэрвені.