МЗС Францыі: Прыйшоў час задушыць расейскую эканоміку
2- 14.05.2025, 16:49
- 4,880

ЕЗ і ЗША павінны ўжыць больш рашучыя захады.
Пасля прыняцця Еўразвязам 17-га пакета санкцый супраць РФ міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро заявіў, што трэба сфакусавацца на новым пакеце, каб «задушыць» расейскую эканоміку. З яго слоў, Еўропе трэба супрацоўнічаць з ЗША, дзе Кангрэс падрыхтаваў разбуральныя захады на выпадак, калі Дональд Трамп надумае ціснуць на Расею, піша Reuters.
«Нам трэба будзе пайсці далей, бо санкцыі дагэтуль не адгаварылі Уладзіміра Пуціна ад працягу яго агрэсіўнай вайны. Таму мы павінны быць гатовыя да пашырэння разбуральных санкцый, якія могуць раз і назаўжды задушыць эканоміку Расеі», - заявіў міністр.
Журналісты нагадваюць, што 17-ы пакет прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да амаль 200 танкераў «ценявога флоту», 30 кампаній, а таксама 75 фізічных і юрыдычных асоб. Афіцыйнае яго прыняцце чакаецца на наступным тыдні.
У Еўропе пагражалі ўвесці новыя санкцыі супраць Масквы, калі там не пагодзяцца на спыненне агню. Аднак, са слоў чыноўнікаў і дыпламатаў, на шляху да гэтага будуць вялікія палітычныя перашкоды, таксама для ўзмацнення санкцый патрэбная падтрымка ЗША, каб яны мелі поспех.
Баро заявіў, што ў Турцыі на сустрэчы міністраў замежных спраў NATO правядзе перамовы з сенатарам Ліндсі Грэмам аб яго законапраекце аб санкцыях супраць Расеі. Ён прадугледжвае ўвядзенне тарыфаў у суме 500 адсоткаў для краін, якія імпартуюць расейскую нафту.
«Расея знайшла спосабы абысці блакаванне, накладзенае Еўропай і Злучанымі Штатамі, таму закрыццём крана мы схопім Расею за горла», – кажа Баро.