Самалёт «Белавія» развярнулі па дарозе з Берасця ў турэцкую Анталлю
14- 14.05.2025, 21:29
- 28,262

Трэснула лабавое шкло.
У панядзелак, 12 траўня, «Белавія» пачала сезон палётаў у Анталію з Берасця. Але пасажырам давялося пахвалявацца - пасярод дарогі, калі судна пралятала над Расеяй, яго развярнулі назад. Пра гэта ў Instagram расказала блогер Крысціна Абубакірава, адзначае «Зеркало».
Як піша Крысціна, самалёт змяніў курс прыкладна за тры гадзіны да прызямлення ў Турцыі:
- Пілот у мікрафон кажа: наш самалёт вяртаецца з тэхнічных прычын і ляціць у Менск. Праз дзве гадзіны будзем у Менску.
Ніякай дадатковай інфармацыі пасажырам не далі. Са слоў блогеркі, «спалохаліся ўсе». А тыя, хто часта лётаюць, казалі, што «такое ўпершыню».
- І як бы я ні спрабавала сябе супакоіць, мяне трэсла, цяклі слёзы, - распавядала Крысціна. - У думках ужо развітвалася са сваёй сям'ёй. Гэта страшна, у галаве нават ўсплывала карцінка могілак. Але я рэальна старалася трымаць сябе ў руках і кантраляваць свае думкі. Проста сітуацыя - гамон.
У Турцыю беларуска ляцела разам з двума дзецьмі і мужам. Прызнаецца, што супакоілася пасля таго, як узяла малодшае дзіця на рукі. Дапамог і муж, які «не разводзіць панікі». Са слоў Хрысціны, калі яна звярнулася з пытаннямі да сцюардэсы, тая запэўніла, што перажываць няма чаго і што «калі б было нешта страшнае, вы б пра гэта ведалі, і мы б з вамі ўжо рыхтаваліся».
У выніку да таго часу, як самалёт павінен быў сесці ў Анталіі (гэта значыць а 20.00), ён прызямліўся ў Менску. Усё прайшло добра, тлумачыць жанчына, але адзначае, што пры пасадцы моцна заклала вушы — не «як звычайна».
Праз паўтары гадзіны пасажыраў пакармілі, а новы самалёт далі а гадзіне ночы. Праблем з чаканнем не ўзнікла: малодшае дзіця заснула, старэйшая дачка гуляла з іншымі дзецьмі.
- Але калі я даведалася прычыну, праз якую нас вярнулі, я ачмурэла, не тое слова, — працягвае аповед Крысціна. - У нашым самалёце трэснула лабавое шкло, там, дзе сядзіць пілот. Вы проста ўявіце, сітуацыя 50/50, яно ж магло падарвацца!
Адзначым, што ў прамым сэнсе падарвацца шкло не можа, але глыбокія расколіны ў ім сапраўды небяспечныя разгерметызацыяй судна. Праўда, часцей за ўсё трэскаецца адзін са слаёў шкла, падобныя выпадкі ўжо адбываліся з беларускімі суднамі. Напрыклад, у лістападзе 2022 года трэснула шкло самалёта Boeing 737-800, які ляцеў з Менска ў Шарджу (горад у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах). Тады «Белавія» заяўляла, што расколіны ўзнікаюць выпадковым чынам і не могуць быць спрагназаваныя авіякампаніяй, а прычына звычайна ў «стомленасці шкла».
- Трэшчына покрыўнага пласта лабавога шкла кабіны пілотаў без пашкоджання сілавых элементаў не ўплывае на бяспеку палёту, — паведамляла тады кампанія.
Што кажуць у «Белавія»?
Каб даведацца дэталі, журналістка патэлефанавала ў даведачную «Белавія». Там сітуацыю пракаментаваць не змаглі. Са слоў супрацоўніцы, у яе ёсць інфармацыя толькі за сённяшні дзень. У прыёмнай гендырэктара кампаніі таксама распавялі, што пра падобнае не чулі.
Пры гэтым аб трэшчыне лабавога шкла самалёта «Белавія», які ляцеў 12 траўня з Берасця ў Анталлю, паведаміў тэлеграм-канал Aviaincident.
Інфармацыю пра гэта аўтары канала, відавочна, атрымалі ад прадстаўнікоў Растоўскай зоны адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху Расеі (АС АрПР). Там, у сваю чаргу, даведаліся пра здарэнне праз пошту ад дыспетчара з цэнтра планавання і каардынавання Растоўскага занальнага цэнтра.
Згодна з гэтай інфармацыяй, 12 траўня а 16.48 борт «Белавія» паведаміў аб расколіне на лабавым шкле з унутранага боку ў другога пілота і запытаў зніжэнне. У выніку судна села ў Менску.